president.gov.by

president.gov.by

«Наша Ніва»: Якую мэту пераследваў Аляксандр Лукашэнка, калі накіроўваўся на сесію Генеральнай Асамблеі ААН? Здаецца, ён не быў там шмат гадоў.

Валерый Кавалеўскі: Ён быў дзесяць гадоў таму — ездзіць на юбілейныя сесіі. Тут важная і ААН як шматбаковая платформа для абмеркавання пытанняў, але асабліва важныя двухбаковыя сустрэчы. Тут можна сустрэцца з прадстаўнікамі краін, з якімі ў іншых умовах сустрэцца не заўсёды магчыма. Афіцыйныя крыніцы паведамляюць пра правядзенне сустрэч з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША, МВФ, еўрапейскіх краін.

«НН»: Ці можа даць нейкі вынік сустрэча з прадстаўнікамі МВФ?

ВК: Пытанне да беларускай дзяржавы. Ці знойдуць яны ў сабе сілы, жаданне, каб ажыццяўляць рэформы. Маё вока зачапіла тое, што афіцыйныя крыніцы адкрыта казалі пра ацэнкі МВФ адносна Беларусі, рэкамендацыі пераарынтаваць эканоміку. Раней усё гэта не агучвалася, у нас было ўсё добра.

«НН»: А як можна ацаніць прамову Лукашэнкі. Многім падалося, што яна гаварылася, каб спадабацца Расіі?

ВК: У гэтым і сэнс шматбаковай дыпламатыі, калі кіраўнікі дзяржаў павінны казаць словы, што адпавядаюць іх інтарэсам. Калі Лукашэнка выказваўся аб пытаннях сям’і, аб навязаных мадэлях дзяржаўнасці, казаў шчыра, аб чым баліць. Разам з тым у кулуарных размовах з прадстаўнікамі заходніх краін словы выбіраюцца іншыя. Не выключаю, што магло нават абмяркоўвацца пытанне размяшчэння расійскай авіяцыйнай базы ў Беларусі. Для ўнутранай аўдыторыі ён павінен быць паслядоўным. Увогуле, Лукашэнка любіць гаварыць тое, што спадабаецца публіцы. У ААН таксама шмат краін незадаволеных прасоўваннем дэмакратыі.

«НН»: Прамовы ў ААН робяцца для ўнутранага спажыўца ці свету?

ВК: Прамова Абамы была для іншых краін, яго задача была задаць тон міжнародных адносін сёння. У Абамы вымалёўваецца строгая лінія, што пытанні трэба вырашаць дыялогам, а не зброяй. «Мы гатовы супрацоўнічаць і з Расіяй, і з Іранам, і з Кубай», — казаў Абама. Дыпламатыя — замест вайны.

Але гэта не беларускі выпадак. Мы больш зацыкленыя на сваім рэгіёне. Не думаем, што адбываецца ў Лацінскай Амерыцы, Афрыцы.

У ЗША вельмі шмат абмяркоўваецца сустрэча Абамы і Пуціна. Яна застаецца цэнтральнай у СМІ. Бо на гэтай сустрэчы абмяркоўваліся пытанні Сірыі і Украіны.

«НН»: Гэты візіт Лукашэнкі можна разглядаць як працяг перадвыбарчай кампаніі?

ВК: Гэта вельмі добра выглядае, салідна і нават свежа для нашай нават нецікавай часам знешняй палітыкі.

«НН»: А як тады выглядае прысутнасць малодшага сына Лукашэнкі на пасяджэнні?

ВК: Гэта недарэчна, канечне. Такога не дазваляюць сабе кіраўнікі іншых краін. Я ніколі з такім не сутыкаўся. Гэта выглядае дзіўна — прывесці сваю сям’ю на пасяджэнне.

«НН»: Якія галоўныя вынікі можна зрабіць з паездкі?

ВК: Відавочна, што ў яго шмат мёртванароджаных ініцыятываў. Напрыклад, інтэграцыя інтэграцый. Калі Лукашэнка гаворыць пра традыцыйную сям’ю, то ён вельмі адстае ад сусветных тэндэнцый. Калі гаворыць пра спробы навязвання дэмакратыі, то амерыканцы нічога не навязваюць. Яны кажуць проста — выконвайце сваё заканадаўства. У Лукашэнкі застаецца кандовы падыход да свету вакол яго, ён не бачыць, чым свет яму можа дапамагчы.

Што тычыцца двухбаковых сустрэч, то гэта застаецца крыху за дужкамі, мы пра гэта даведаемся пазней. Але тая траекторыя, якую мы бачым, што Захад гатовы ўспрымаць Лукашэнку такім, які ён ёсць, будзе захоўвацца. Будзе больш увагі таму, каб сам рэжым змяняўся, разам з Лукашэнкам, каб адпускаліся нейкія гайкі, каб былі паляпшэнні ў палітыцы і эканоміцы.

Добра, што ён там быў, паўдзельнічаў. Многія краіны не ўдзельнічалі, мо не змаглі набраць шмат двухбаковых цікавых сустрэч. З Беларуссю гатовы сустракацца — і гэта добра. На такіх важных мерапрыемствах наша прысутнасць павінна быць абавязковай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?