30 верасня ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.Сухога прайшла сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча з выбаршчыкамі, у асноўным студэнтамі. 

Кандыдат коратка азнаёміў студэнтаў са сваёй біяграфіяй, заўважыўшы, што будаваў Байканур і БАМ, 22 гады жыцця аддаў ваеннай прамысловасці. 

«Я прыйшоў да вас сёння не з тым, каб вы прагаласавалі асабіста за мяне, я хачу, каб вы прагаласавалі за стабільнасць, за мір і спакой у нашай краіне», — сказаў Улаховіч. 

Ён заклікаў студэнтаў задаваць пытанні, «нават самыя рэзкія і непрыемныя», і не баяцца адлічэння. «Будзеце ўсе на месцы», — паабяцаў ён. «Хто, канешне, пабойваецца — маўчыце», — папярэдзіў кандыдат. 

Гаворачы аб шансах на перамогу, палітык заявіў, што ён ужо перамог. «Я паказаў новыя твары, якія нічым не горш за іншых. Мы бачым што па тэлевізары? Апазіцыю, нацыянальных патрыётаў, Севярынца, Лябедзьку, якія пастаянна на экране кагосьці штурхаюць. Я да Лябедзькі і Севярынца заўсёды ставіўся спакойна — я іх нават не ведаў. Але на сустрэчы з назіральнікамі АБСЕ Севярынец раптам падняўся і сказаў, што трэба нашых хлопцаў адпраўляць ва Украіну змагацца. Я сказаў, што я супраць. А яны — Севярынец і Лябедзька мне — маўляў, давай выйдзем, пагаворым. Канешне, Севярынец здаровы хлопец, намяў бы мне бакі, але Лябедзька! Я ўсё-такі быў старшынёй федэрацыі каратэ», — выказаўся Улаховіч. 

Ён вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, каб «заўтра не прачнуцца ў той краіне, дзе будуць кіраваць Лябедзька і Севярынец». 

Студэнтаў цікавілі пытанні — ці ёсць у кандыдата каманда, якія яго прапановы па скарачэнні знешняга доўгу, будаўніцтве жылля, стаўленне да аднаполых шлюбаў. 

«Я хачу сказаць моладзі — вы не адчайвайцеся, усе мы былі без жылля, я з сям'ёй быў у вагончыку. Але хаця б трэба вярнуцца да сістэмы інтэрнатаў», — заклікаў кандыдат. 

Наконт скарачэння знешняга доўгу краіны ў палітыка няма прапаноў. «Я як кандыдат не ведаю суму знешняга доўгу. Таму я не магу сказаць шлях, як скараціць яго», — адказаў Улаховіч. 

Ён сам сабе задаў пытанне і сам жа адказаў наконт супрацоўніцтва з ЕС. «Я працаваў у гэтых праграмах, якія фінансуюцца з Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, фінансаванне там ідзе пастаяннае, я сам абараняў гэтыя праграмы, у Беларусі яны невялікія, ва Украіне ў дзясяткі разоў больш. І частка гэтых грошай ішла на рэвалюцыі, якія адбыліся потым, на гэтыя ўсе «аранжавыя рэвалюцыі». Гэтыя грошы таксама пастолькі паколькі. Што такое ЕС? Зло — не зло, але культурныя сувязі трэба развіваць, і эканамічныя. З ЕС трэба сябраваць вельмі лоўка. І балансіроўка Лукашэнкі мне падабаецца — ён і ў тых папросіць, і ў тых. Але ў рэшце рэшт — карысць нам! Але я супраць добрага цара», — аб'явіў кандыдат. 

Дзяржаўная сімволіка, на думку палітыка, павінна быць новая — «не савецкая, і не былая паліцэйская». «Вы не бачылі, і я не бачыў, але мой дзед загінуў ад рук паліцая, у яго павязка была белая і чырвоная, як я магу ставіцца да такога чалавека з такой павязкай. У нас новая краіна з 1994 года, ну няхай будзе новая сімволіка гістарычна супадаць — белы колер з чырвоным», — сказаў Улаховіч. 

Крым, паводле яго слоў, «вялікае заваяванне Пуціна», а ДНР-ЛНР — «вельмі непрыемны, жорсткі і непатрэбны канфлікт». 

Улаховіч заклікаў «не абядняць сябе культурай». «Калі кажуць — давайце толькі нашу нацыянальную, гэта значыць Якуб Колас, Янка Купала, Кандрат Крапіва і пайшлі-паехалі. А вялікія Толстой, Дастаеўскі і гэтак далей — гэтых што, не трэба ведаць? На нашу тэрыторыю пачалі наязджаць казакі з Украіны, Расіі і пачалі прапаведаваць свае ідэі. Вось тыя з ДНР-ЛНР прыедуць сюды, і што яны будуць прапаведаваць?» — задаўся пытаннем кандыдат. 

Ён не баіцца БНФ. «Ні ў Трусаве, ні ў кім іншым я нічога кепскага не знайшоў, акрамя аднаго — нацыяналізм. Нацыяналіст — гэта ўсё роўна будзе фашыст. Паверце мне, я бачыў гэтых людзей на Майдане, я быў там», — сказаў Улаховіч. 

Палітык не бачыць неабходнасці ў арміі, колькасць якой, паводле яго слоў, 73 тысячы чалавек. Дастаткова было б і нацыянальнай гвардыі. 

Да тых, хто ўступае ў аднаполыя шлюбы, кандыдат ставіцца гэтак жа сама, як і да мужчын, якія жэняцца на маладых дзяўчатах. «Як да дурняў», — удакладніў сваю пазіцыю палітык. 

Улаховіч унёс прапанову па рэформе сістэмы МУС: трэба начальнікаў РАУС выбіраць, як шэрыфаў у ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?