Афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава назвала «ўкідамі» інфармацыю пра тое, што ў выніку дзеянняў расійскіх ВПС у Сірыі загінулі мірныя жыхары.

«Яшчэ не паспела Расія разгарнуць аперацыю па супрацьдзеянні ІДзІЛ, якая, як было сказана неаднаразова, робіцца па просьбе афіцыйнага Дамаска, не паспелі прагучаць першыя словы Сяргея Лаўрова на СБ ААН, як пайшлі шматлікія «ўкіды» ў СМІ пра тое, што ў ходзе расійскай аперацыі гінуць мірныя жыхары», — заявіла Захарава.

Прадстаўнік расейскага МЗС назвала гэтыя паведамленні «інфармацыйнай атакай».

Пасля таго, як расейская авіяцыя нанесла першыя авіяўдары ў ваколіцах горада Хомс, Сірыйскі цэнтр назірання за выкананнем правоў чалавека паведаміў, што сярод загінулых ёсць мірныя жыхары. Акрамя таго, агенцтва Асашыэйтэд прэс са спасылкай на высокапастаўленага амерыканскага дыпламата паведаміла, што расейскія паветраныя ўдары, мяркуючы па ўсім, наносяцца не па пазіцыях «Ісламскай дзяржавы», а па атрадах апазіцыі, якая ваюе з Башарам Асадам.

Паводле яго слоў, баевікоў ІД няма ў тым раёне, дзе дзейнічае расійская авіяцыя. Гэтую інфармацыю ў інтэрв'ю выданню «Медуза» пацвердзіў жыхар горада Талбіса, які знаходзіцца побач з Хомсам, Фірас аль-Саід. «Першы ўдар быў нанесены па жылых кварталах горада, у якім «Ісламскай дзяржавы» няма. Горад Талбіса, як і Хомс, імі не кантралюецца», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?