Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Савецкага РУУС сталіцы затрымалі двух мужчын па падазрэнні ў рабаванні. Паводле папярэдняй версіі, яны абрабавалі выпадковага мінака, які падзяліўся з імі радаснай навіной пра выйгрыш у спартыўным закладзе, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Пацярпелы, па сутнасці, сам знайшоў сваіх крыўднікаў: звярнуўся з просьбай да двух мінакоў скарыстацца інтэрнэтам на іх тэлефоне. Тыя не адмовілі. Неўзабаве мінчук знайшоў патрэбную інфармацыю ў сеціве і падзяліўся радаснай навіной: ён зрабіў стаўку на перамогу аднаго з футбольных клубаў і выйграў каля 5 мільёнаў рублёў.

Новыя знаёмыя, павіншаваўшы пераможцу, настаялі: трэба абавязкова адзначыць гэтак значную падзею. «Шчасліўчык» пагадзіўся, і ўсе трое накіраваліся да бліжэйшай прадуктовай крамы за спіртным. Але зайшоўшы за вугал дома, адзін з прыяцеляў ударыў новага знаёмага, а другі тым часам вырваў з яго рук сумку — і абодва ўцяклі з месца злачынства.

«У сумцы знаходзіліся грошы ў памеры каля 1 мільёна рублёў, мабільны тэлефон, а таксама пашпарт і квітанцыя, якая дае права на атрыманне выйгрышу, — распавёў намеснік начальніка Савецкага РУУС Павел Мароз. — У цяперашні час у дачыненні да зламыснікаў распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 206 Крымінальнага кодэкса (Рабаванне). За ўчыненне дадзенага злачынства заканадаўствам прадугледжаная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0