Прыгаворам судовай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда асуджаны 45-гадовы магіляўчанін за ўчыненае ім наўмыснае забойства з карыслівых пабуджэнняў (п. 12 ч. 2 арт. 139 КК). 

Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Сяргей Мінаў, у 2010 годзе мужчына быў асуджаны за ўчыненне двух наўмысных забойстваў з асаблівай жорсткасцю (у мікрараёне Фаціна Магілёва ўчыніў забойства дзвюх жанчын, целы якіх расчляніў). У народзе атрымаў мянушку «Фацінскі маньяк». 

Адбываючы пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення за ўчыненне двух наўмысных забойстваў з асаблівай жорсткасцю, ён паведаміў яшчэ пра адно забойства. 

Злачынства было ўчынена ў перыяд з мая па чэрвень 1999 года ў вёсцы Амховая-2 Магілёўскага раёна. Ахвярай злачынства стала дзяўчына 18—20 гадоў. Звесткі пра яе асобу ўстанавіць не ўдалося. 

Падчас судовага пасяджэння ўстаноўлена, што абвінавачваны пазнаёміўся з дзяўчынай і дамовіўся з ёю сустрэцца, каб разам адпачыць. Пры сустрэчы дзяўчына сказала, што зарабіла не менш як 2 млн. рублёў. Для мужчыны сума была значнай, таму што ён працяглы час не працаваў (быў двойчы звольнены з ААТ «Магілёўпрамбурвод»). Ён прапанаваў дзяўчыне купіць спіртное, закуску і паехаць да яго на дачу ў Амховую-2. 

Падчас распівання спіртных напояў абвінавачваны прапанаваў падзяліцца з ім грашамі, але дзяўчына адмовілася. Мужчына нанёс ёй не менш як тры ўдары рукой у вобласць грудзей, а затым стаў душыць. Пераканаўшыся, што дзяўчына мёртвая, труп расчляніў, частку цела пахаваў на сваім прысядзібным участку, частку — закапаў за вёскай. Рэчы, пашпарт і адзенне дзяўчыны спаліў. Выкрадзеныя 900 тыс. рублёў патраціў на ўласныя патрэбы. 

Паказанні аб злачынстве абвінавачваны даў добраахвотна падчас папярэдняга следства. Апрача таго сам паказаў, дзе пахаваў цела пацярпелай. Аднак у далейшым адмовіўся ад сваіх паказанняў і заявіў, што гэтага злачынства не ўчыняў. 

Судом віна ва ўчыненні згаданага злачынства была прызнаная даказанай, таму што пацвярджалася матэрыяламі крымінальнай справы, высновамі судовых экспертыз. 

Магілёўскім абласным судом абвінавачванаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў. 

З улікам таго, што 5 лістапада 2010 года мужчына быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення судом канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі асобага рэжыму. 

З прыгаворам абвінавачваны не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Вярхоўным судзе. Судовай калегіяй па крымінальных справах ВС скарга абвінавачванага пакінутая без задавальнення, прыгавор набыў законную моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?