Нагадаем, што 2 сакавіка на 8‑м кіламетры трасы Мінск‑Мікашэвічы інспэктары ДАІ правялі затрыманьне вадзіцеля, які ўцякаў ад іх ад самога Слуцку. Каб нарэшце спыніць уцекача, ДАІшнікі выставілі на дарозе перашкоду з прыватных машын.
Учора намесьнік начальніка рэспубліканскага ДПС Ігар Ваніцкі выказаў афіцыйную вэрсію здарэньня. Па яго словах, міліцэйскія машыны ехалі насустрач уцекачу па сустрэчнай паласе з уключанымі праблісковымі маячкамі. Вадзіцелі прыватных аўто, заўважыўшы іх, спыніліся. Але не зьехалі чамусьці на ўзбочыну, як таго патрабуюць правілы дарожнага руху, а засталіся стаяць на палосах.
Вось як Эўрарадыё пракамэнтаваў заяву намесьніка начальніка ДПС пацярпелы ў «спэцаперацыі» ДАІ Юрый Пашкевіч:
«Калі мы пад’ехалі да іх, машыны ДАІ ўжо стаялі на ўзбочыне без праблісковых маячкоў на павароце на Калодзішчы. На першай паласе ўжо стаяў чорны BMW, а на трэцяй ‑‑ Toyota RAV4 Алены Калпаковай. Яны ўжо стаялі на той момант, калі я пад’яжджаў. Я ехаў па чацьвёртай паласе, і інспэктар спыняў мяне «палкай». Па правілах я павінен спыніцца ў крайняй правай паласе. Я пачаў зьяжджаць, а ён мяне накіраваў у другі рад і паказаў спыніцца там».
«Інспэктар канкрэтна паказаў вам куды станавіцца?»
«Ён канкрэтна паказаў мне, куды ехаць і стаць паміж BMW і Toyota RAV4. Я быў у шоку, калі пачуў гэты камэнтар! Чаму мы, калі яны ехалі нам насустрач з уключанымі маячкамі, не прынялі ў крайнюю правую паласу? А яны сваімі машынамі не перагарадзілі і не дасталі шыпы? І што гэта за рэгуляваньне рукамі, што мы, 4 чалавекі, не зразумелі, што трэба хутчэй праяжджаць? Калі трэба, яны за лічаныя імгненьні разганяюць натоўп на праспэкце, а тут яны 4 машыны не маглі разагнаць!»
«Калі вы спыніліся, інспэктар падыйшоў да вас, прадставіўся, нешта сказаў?»
«Нічога гэтага не было. Я паспрабаваў выйсьці з машыны, прыадчыніў дзьверы, а ён мне толькі сказаў, каб я заставаўся на месцы».
«А вы яму штосьці сказалі, пацікавіліся тым, што вы парушылі, чаму вас спынілі?»
«Не. Я толькі зьдзівіўся, чаму мы стаім 4 машыны на ўсю дарогу. Звычайна, калі ідзе нейкая аблава альбо праверка, выстройваюцца ўсе на крайняй правай паласе. І далей — дагляд, прадставіліся, зь якой нагоды спынілі. А тут без тлумачэньняў выставілі ў адзін рад. І ўсё. Прайшло імгненняў 30‑40, я толькі пасьпеў паглядзець па баках, што там робіцца, перакінуліся некалькімі словамі зьдзіўлення ад таго, што адбываецца, з жонкай, як убачыў, што інспэктары сьпераду пачалі разьбягацца. Тут я зразумеў, для чаго нас паставілі».
«А вы не заўважылі, што здарылася з уцекачом і пасажырамі яго машыны?»
«Пакуль мяне даставалі з машыны (у машыны Юрыя Пашкевіча ад удару заклініла дзьверы — рэд.), я быў без прытомнасьці. Але потым, калі мяне аглядалі дактары, я зь ім сядзеў у адной машыне. Я тады ня ведаў, што гэта ён. Пры мне ён пачаў прыходзіць у прытомнасьць і назваў сваё імя — Рома. Астатніх дзьвюх дзяўчат і хлопца я ня бачыў».
«Вы падтрымліваеце адносіны з іншымі пацярпелымі?»
«З Аляксеем усё збольшага нармальна. А Алена… Яна знаходзіцца ў такім шокавым і стрэсавым стане, што нікуды ня ходзіць. У чалавека нэрвовы зрыў, і яна пастаянна зьвяртаецца да псыхіятара. Вельмі нешта сур’ёзнае ў яе».