Падчас аперацыі
Першая ў Беларусі аперацыя па аднаўленні разбуранага пазванка (кіфапластыка) праведзена 3 кастрычніка ў Гомельскай абласной клінічнай бальніцы.
«Кіфапластыка да сёння ў Беларусі не выконвалася. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў пад рэнтгеналагічным кантролем у цела зламанага пазванка ўводзіцца сіліконавы балон, які здольны вытрымліваць значную нагрузку і які дазваляе аднавіць вышыню пазванка. Пасля аднаўлення вышыні ва ўзніклую паражніну ўводзіцца спецыяльны касцяны цэмент, які умацоўвае пазванок і не дазваляе яму больш ламацца. Усё гэта робіцца метадам праколаў, без выкарыстання скальпеля», — распавёў загадчык нейрахірургічнага аддзялення №2 бальніцы Сяргей Кірыленка.
У 67-гадовай пацыенткі з-за наднырачнай недастатковасці змянілася структура касцяной тканкі і адбыліся паталагічныя пераломы пазванкоў.
Малаінвазіўную аперацыю правёў прафесар Гейдельбергскай універсітэцкай клінікі (Германія) Крысціян Касперк, асістэнтам быў Сяргей Кірыленка.
«Жанчына пасля аперацыі ў першую чаргу пазбавіцца ад болевага сіндрому, а ўлічваючы, што аперацыя малаінвазіўная, яна скора зможа вярнуцца да паўнавартаснага жыцця», — сказаў хірург.
У перспектыве дадзеная методыка атрымае шырокае прымяненне ў Беларусі. Да з'яўлення гомельскага аддзялення ў Беларусі экстранную дапамогу людзям, якія атрымалі траўму пазваночніка, аказваў толькі РНПЦ траўматалогіі і артапедыі ў Мінску. Там штогод праводзіцца каля 1,2 тыс. аперацый на пазваночніку, 350—400 з якіх экстраныя.