1-гадовага Арцёма даставілі ў Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу з Астраўца. Малы не мог глытаць: ад голаду ў яго ўжо з'явіліся сімптомы абязводжвання арганізма. Як высветлілася, пакінуты без нагляду хлопчык знайшоў у садзе сліву і, як любяць рабіць маленькія дзеці, паклаў сабе ў рот. Костачка засела ў страваводзе дзіцяці.

Сітуацыя пагоршылася тым, што бацькі звярнуліся па меддапамогу толькі праз трое сутак. На месцы стаяння костачкі развіўся моцны ацёк, пачалося заражэнне слізістай абалонкі стрававода, што пагражала найсур'ёзнейшымі ўскладненнямі. Лекары спрабавалі атрымаць іншароднае цела з стрававода пры дапамозе фібрагастраскапіі, але перашкаджалі ацёк і назапашаная ў прасвеце ежа, якую маленькі Арцём дарма спрабаваў праглынуць. Не вырашыў праблему і эзафагаскоп: костачка была глыбока і як быццам «ўрасла» ў сценку стрававода, паведамляе «Гродзенская праўда».

Выдаляць костачку пры дапамозе адкрытага хірургічнага ўмяшання азначала складаную і вельмі траўматычную аперацыю з доўгім знаходжаннем у аддзяленні рэанімацыі.

У няпростай сітуацыі брыгадай лекараў-рэаніматолагаў дзіцячай бальніцы на чале з Дзмітрыем Міскевічам было прынята неардынарнае рашэнне: прымяніць бронхаскапічную тэхніку, якую выкарыстоўваюць для дыягностыкі і выдалення іншародных цел з ніжніх дыхальных шляхоў. Костачку ўдалося зрушыць з месца і выдаліць. Дарэчы, у практыцы Дзмітрыя Міскевіча гэта ўжо другі выпадак здабывання іншароднага цела неардынарным спосабам.

Праз суткі Арцём быў пераведзены з аддзялення рэанімацыі, а яшчэ праз пяць дзён выпісаны дадому. Праблем з глытаннем у яго больш няма.

Гэты выпадак, які дзякуючы прафесіяналізму хірургаў абласной дзіцячай бальніцы меў станоўчы вынік, можа служыць урокам для ўсіх бацькоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?