Міжнародная кааліцыя на чале з ЗША плануе стварыць у Сірыі «галоўны фронт», каб актывізаваць барацьбу з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы». Пра гэта ў панядзелак піша New York Times са спасылкай на крыніцы ў Пентагоне і Белым доме.

«Галоўны фронт» плануецца стварыць на паўночным усходзе Сірыі. Гэта дазволіць кааліцыі на чале ЗША аказаць ціск на Раку, дзе сканцэнтраваны сілы баевікоў «Ісламскай дзяржавы», адзначаюць крыніцы выдання.

Суразмоўцы распавялі, што прэзідэнт ЗША Барак Абама ўхваліў першыя пункты плана наступальнай аперацыі. Яны адзначаюць, што Абама ўпершыню санкцыянаваў прамыя пастаўкі боепрыпасаў і некаторых узбраенняў сілам сірыйскай апазіцыі. Таксама ён ухваліў ідэю нарошчвання інтэнсіўнасці авіяўдараў з турэцкіх авіябазаў. Дэталі аперацыі пакуль не падрыхтаваныя.

New York Times паведамляе, што гэтыя меры накіраваны на ўзмацненне сірыйскіх байцоў, якія разам з курдскімі салдатамі прымуць удзел у наступальнай аперацыі пры падтрымцы авіяцыі міжнароднай кааліцыі.

Аперацыя міжнароднай кааліцыі будзе ажыццёўлена удалечыні ад вобласці, дзе праводзіцца ваенная кампанія Расіі, адзначае выданне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?