Днямі давялося пачуць на Беларускім радыё, на канале «Культура», перадачу на тэму псыхалёгіі. Вядоўца перадачы — Алена Сьцяпанава — запрасіла ў студыю дзьвюх жанчын‑псыхолягаў (гэта быў пярэдадзень 8 Сакавіка) ды прапанавала ім паразважаць над пытаньнем: ці можа чалавек утаймаваць свае страсьці?

Гаворка ў перадачы, як ні дзіўна, была не пра каханьне ці любоў, а пра нешта процілеглае. На што можа штурхнуць рэўнасьць? Чаму дзеці часьцяком ненавідзяць сваіх бацькоў? Якім чынам чалавек можна зрабіць непапраўную крыўду свайму калегу або нават сябру? Ці можа па‑брацку падзяліць садовы ўчастак?

Вядоўца прывяла прыклад з жыцьця: жанчына забіла свайго былога мужа, які забіў 10‑гадовую дачку і адседзеў за гэта тэрмін. У выніку помсты бяз бацькі засталіся ягоныя дзеці ад новага шлюбу, а яна сама цяпер ня зможа даглядаць сваё другое дзіця.

Трэба сказаць, што калі напачатку суразмоўцы гаварылі пра праблемы псыхалёгіі ў асноўным на побытавым узроўні, дык у сувязі з паняткамі помсты і справядлівасьці размова сягнула ўзроўню, так бы мовіць, гісторыка‑філязофскага.

Справядлівасьць не для ўсіх

Удзельніцы перадачы вельмі хутка прыйшлі да высновы, што справядлівасьці для ўсіх не бывае. Напрыклад, — сказала адна зь іх — для сярэднявечных хрысьціянаў паходы ў Палестыну й вызваленьне труны Госпада было справай справядлівай. А вось з гледзішча арабаў, маўляў, гэта выглядала зусім інакш.

Што ж, магчыма, забойства падлеткаў у ерусалімскай ешыве палестынцам‑тэрарыстам падалося некаму справядлівай адплатай Ізраілю… Але гаворка цяпер не пра гэта.

Наступны прыклад узаемінаў розных народаў падаўся мне асабліва цікавым. На думку псыхоляга, якая яго прывяла, беларускі народ не адчувае нянавісьці да нямецкага народу, нягледзячы на злачынствы гітлерцаў на акупаванай тэрыторыі. Бо немцы зрабілі столькі для Беларусі, асабліва ў справе гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад Чарнобылю, што гэта іх рэабілітуе ў вачах беларусаў. Цяжка сказаць, ці сапраўды гэта так (асабліва ў дачыненьні да старэйшага пакаленьня, якое ваявала). Сацыялягічных дасьледаваньняў на гэтую тэму сустракаць не даводзілася. Тут для мяне важны іншы аспэкт, прапушчаны псыхолягам.

Сучасная дэмакратычная Нямеччына нічым не нагадвае Трэці Райх. Яна карыстаецца агромністым аўтарытэтам у сьвеце, і найперш — у Эўропе, бясьпеку якой немагчыма ўявіць сабе без ФРГ. Але гэта было б немагчыма, калі б не адбыўся міжнародны трыбунал у Нюрнбэргу і сотні падобных трыбуналаў у Нямеччыне на мясцовым узроўні, калі б не адбылася дэнацыфікацыя грамадзтва. Немцы ня проста абстрактна пакаяліся ў сваёй віне перад іншымі народамі. Яны пільна ўгледзеліся і ўглядаюцца дагэтуль у сваю нядаўнюю гісторыю, каб зразумець яе і саміх сябе. І робяць канкрэтныя захады. (Выставу «Злачынствы гітлерскага Вэрмахту ў гады Другой сусьветнай вайны» ў Бэрліне наведалі дзясяткі тысяч немцаў. На выставу, прысьвечаную Галадамору ва Ўкраіне 1930‑х гадоў, якая дэманстравалася ў Нацыянальным музэі гісторыі ў Менску, прыходзілі адзінкі. А ў Расеі гэтую выставу ня ўбачыў ніхто, бо тамтэйшыя ўлады адмовіліся ад яе паказу. Сталінскі галадамор — хіба расейцы маюць да яго дачыненьне?)

Чаму мяне зачапіла фраза наконт дараваньня гістарычнай віны немцам і чаму я на ёй спыніўся? Таму што бяз гэтага нельга было б зразумець сэнс таго выказваньня, якое прагучала ў радыёперадачы пазьней і якое падалося мне цэнтравым.

Вока за вока

Гаворачы пра помсту як цалкам дэструктыўнае, брыдкае і шкоднае дзеяньне (псыхолягі ў дзяцінстве, відаць, не чыталі «Графа Монтэ‑Крыста»), суразмоўцы згадалі праблему… люстрацыі ў Польшчы.

Як сказала адна з удзельніц — ну, што ж, у свой час людзі, каб пракарміць свае сем’і, абралі, мабыць, ня лепшы шлях, пішучы даносы ў «органы». Але хіба правільна помсьціць за гэта цяпер? Як гэта адаб’ецца на іхных дзецях? Гэта ж выходзіць — вока за вока, зуб за зуб. Якая прымітыўная мараль для нашага часу!

Варта адразу заўважыць, па‑першае, што старадаўняя юдэйская (чытай — біблейская) мараль была несумненным крокам наперад у параўнаньні з адсутнасьцю маралі, калі адзін чалавек у літаральным сэнсе слова паядаў свайго суперніка, карыстаючыся правам моцнага. Зрэшты, гэта права, як лёгка пераканацца, дзейнічае ў нашай дзяржаве і сёньня.

Па‑другое, люстрацыя, насамрэч, дагэтуль тычылася ня столькі даносчыкаў, хоць гэта й шкада, колькі партыйных функцыянэраў (напрыклад, НСДАП), а таксама начальнікаў рознага рангу й сакрэтных агентаў спэцслужбаў, датычных да перасьледу іншадумцаў. І справа тут зусім не ў пачуцьці справядлівасьці й помсьце — хаця гэты матыў, зразумела, заўсёды будзе прысутнічаць у дзейнасьці людзей.

Сьцвярджаючы, што няма справядлівасьці для ўсіх, нашы псыхолягі, сьвядома ці падсьвядома, падмяняюць тэзу. Няма найвышэйшай справядлівасьці на зямлі, але ёсьць правасудзьдзе для ўсіх. Больш за тое, калі яно не для ўсіх, то гэта ўвогуле ўжо не правасудзьдзе. Гэта свавольства.

Калі забарона займаць пэўныя дзяржаўныя пасады, выкладаць у школах, працаваць у СМІ (гэта і ёсьць люстрацыя) выкарыстоўваюцца кімсьці для зьвядзеньня асабістых рахункаў ці ў мэтах кар’еры — гэта, безумоўна, агідна. Калі гэта кампанія ўладаў у палітычных мэтах, як у выпадку з макартызмам у ЗША на пачатку 1950‑х гадоў — гэта сапраўды можна назваць паляваньнем на вядзьмарак. Як і нядаўнія спробы братоў Качыньскіх расправіцца з дапамогай люстрацыі з палітычнымі праціўнікамі.

Але злоўжываньне законам не адмяняе неабходнасьці законнасьці й парадку. Калі мы ня хочам будаваць фашыстоўскую дзяржаву, мы ня можам дазволіць, каб былыя нацысты захоўвалі ў ёй ключавыя пасты альбо ўзьдзейнічалі на розум юнага пакаленьня. Бо гэта проста небясьпечна для існаваньня дэмакратычнай дзяржавы. Калі мы ня хочам збудаваць нэасталінісцкую рэпрэсіўную дзяржаву, мы ня можам пагадзіцца, каб на найважнейшых пасадах заставаліся тыя, хто сёньня пяе асанну дыктатуры й дыктатару, хто спрабуе выхаваць маладое пакаленьне на фальшывых каштоўнасьцях кшталту «Лініі Сталіна».

Групавы сэанс

Вядома, людзям даводзіцца часам мяняць перакананьні. Мы памятаем, як учорашнія выкладчыкі гісторыі КПСС станавіліся прапагандыстамі «перастройкі». І наадварот — як учорашнія апантаныя прыхільнікі дэмакратыі і змагары з камуністычным рэжымам рабіліся адэптамі аўтарытарызму. Калі гэткі «плюралізм» назіраецца ў мазгах прыватнага чалавека — гэта праблемы ягоныя. А калі гэтаму чалавеку даверыць буйныя СМІ альбо міністэрства?

І што цікава — размова ж не вядзецца пра тое, каб саджаць людзей за былыя перакананьні (калі толькі яны ня зьдзейсьнілі крымінальных злачынстваў), а толькі пра тое, каб абмежаваць уплыў учорашніх ідэйных функцыянэраў у грамадзтве, якое хоча скончыць са спадчынай таталітарызму (Польшча, Прыбалтыка, іншыя краіны Цэнтральнай Эўропы). А колькі ж эмоцыяў і крыку ў нас вакол тэмы люстрацыі як чагосьці антыгуманнага й несправядлівага.

У Беларусі, як вядома, нягледзячы на намаганьні апазыцыі на пачатку 1990‑х гадоў, закон аб люстрацыі ня быў прыняты. І што грамадзтва выйграла ад гэтага? Славутую стабільнасьць? Магчыма. А які маральны і псыхалягічны ўрок атрымала маладое пакаленьнне? Вельмі просты — усе размовы пра злачынствы сталінскага рэжыму, пра мільёны ахвяраў рэпрэсіяў, аказваецца, нічога ня вартыя. Бо ніхто ж з былых кіраўнікоў ГУЛАГу ці КГБ ня быў прызнаны вінаватым у злачынствах, ня быў асуджаны адкрытым судом. Тым больш, ніхто зь іх не пакаяўся ў злачынствах. І не пакаецца, вядома.

КДБ на сваім сайце нават само сябе (то бок, сваіх былых супрацоўнікаў) абвесьціла ахвярай «парушэньняў сацыялістычнай законнасьці». Інакш кажучы, гэтая нейкая варожая інфэрнальная сіла (ворагі народу?), а не органы ўнутраных справаў і дзяржбясьпекі расстрэльвалі былых чэкістаў, камуністаў і яшчэ сотні тысяч ні ў чым не вінаватых грамадзянаў, зьнішчылі 90 працэнтаў беларускай інтэлігэнцыі.

Размова, яшчэ раз варта падкрэсьліць, не пра пакараньне. Размова пра яго няўхільнасьць. Судзьдзя Бальтазар Гарсон у свой час выдаў ордэн на арышт Піначэта не таму, што ён яго ненавідзеў, а таму, што ён абавязаны быў зрабіць гэта паводле гішпанскага закону. У суд зьвярнуліся сваякі ахвяраў піначэтаўскага рэжыму. Магчыма, ім лепей было прамаўчаць? Лепей было прамаўчаць жонкам і сваякам зьніклых у Аргентыне падчас вайсковай дыктатуры — тады ў краіне была б стабільнасьць. Лепей маўчаць мацяркам Бэслану, на вачах якіх фэдэралы зьнішчылі дзяцей у школе разам з тэрарыстамі. Пагадзіцца з тым, што ў Беларусі няма вінаватых у зьнікненьні вядомых палітыкаў, што ў нас няма палітзьняволеных.

Вядома, нам зручней ня ведаць іхных імёнаў. Таксама, як зручна ня ведаць імёнаў катаў і даносчыкаў. Інакш бы мы і яны адчувалі псыхалягічны дыскамфорт. Паколькі мы ня ведаем імёнаў былых сексотаў, значыць — яны па‑ранейшаму сярод нас.

І ўсім спакойна. Усё спакойна. Сэанс псыхатэрапіі скончаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0