У Баранавічах актывісты руху «За Cвабоду» 4 кастрычніка пачалі збор подпісаў супраць размяшчэння тут расійскай авіяцыйнай базы.
Як паведаміў кіраўнік гарадской арганізацыі руху «За Cвабоду» Віктар Сырыца, у звароце падкрэсліваецца, што размяшчэнне такой авіябазы супярэчыць артыкулу 18 Канстытуцыі, паводле якой Рэспубліка Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.
«Мы плануем збіраць подпісы штодня па 10 кастрычніка ўключна і затым накіруем гэты зварот у Палату прадстаўнікоў, — дапоўніў Сырыца. — Большасць з тых жыхароў Баранавічаў, з якімі мы ўчора гутарылі, супраць таго, каб у нашай краіне былі замежныя ваенныя базы. Але падпісваюцца не ўсе. Як я лічу, людзі баяцца адміністрацыйнага пераследу».
Сырыца адзначыў, што ў Баранавічах таксама вядуць збор подпісаў супраць размяшчэння расійскай авіяцыйнай базы ў Беларусі актывісты стваранага Уладзімірам Някляевым руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі».