Пра падпісанне кантракта з натуралізаваным варатаром беларускай хакейнай зборнай Кевінам Лаландам паведаміла 5 кастрычніка прэс-служба мінскага «Дынама».

Дваццацівасьмігадовы ўраджэнец Кінгстана з канадскай правінцыі Антарыа пачаў прафесійную кар'еру ў 2003 годзе, адзначаецца ў рэлізе. Ужо ў 2005-м на драфце НХЛ ён быў выбраны ў пятым раўндзе пад агульным 128-м нумарам клубам «Калгары Флэймз». Потым, аднак, Лаланд не правёў на лёдзе ў складзе гэтай каманды ніводнага матча, а да сезона-2010/11 працягваў выступаць у мінорных лігах Паўночнай Амерыкі… У ліпені 2010 года Кевін ўпершыню паспрабаваў уласныя сілы ў КХЛ, падпісаўшы кантракт з падмаскоўным «Віцязем». 26 ліпеня 2011 года Лаланд падпісаў першы кантракт з мінскім «Дынама». 16 лютага 2012 года ён прыняў беларускае грамадзянства.

«У сезоне-2014/15 дарогі варатара і нашага клуба разышліся — той вырашыў пайсці на павышэнне і паспрабаваць свае сілы ў армейскім клубе Масквы — за год, праведзены ў ЦСКА, Лаланд адстаяў у рамцы варот 23 разы і зарабіў каэфіцыент надзейнасці 1,67, — гаворыцца ў паведамленні. — Аднак працягваць адносіны з галкіперам масквічы не захацелі, і Кевін зноў стаў адкрытым для новых кар'ерных выклікаў. І быў вельмі блізкі да вяртання за акіян дзякуючы запрашэнню ў трэніровачны лагер «Мінесоты». І ўсё ж з «дзікунамі» ў яго не склалася».

«У пачатку лета я нават не думаў пра такі варыянт развіцця падзей, але ў апошнія пару месяцаў шмат змянілася, і, калі я даведаўся пра магчымасць прадоўжыць кар'еру ў Мінску, быў сапраўды шчаслівы», — сказаў Лаланд у інтэрв'ю прэс-службе клуба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?