Сёньня ў выніку тэракту ў партовым мястэчку Дахаб, што ў Эгіпце загінуў дырэктар менскай «Містэрыі гуку» Аляксандр Шлык. Інфармацыйныя агенцыі называюць пакуль лічбу ў 87 параненых і болей за 20 загінулых, сярод якіх беларус і яго сябра Леанід Цітарэнка – дырэктар маскоўскай гуказапісвальнай кампаніі «Маналіт». Цела беларуса было распазнанае, і пра яго сьмерць ужо паведамілі сваякам. Пацьвердзілі гэту інфармацыю і ў менскай турыстычнай кампаніі «Топ-тур».Там адзначылі, што Шлык зьвяртаўся да паслугаў іх кампаніі, але выправіўся ў Эгіпет праз расейскага турыстычнага апэратара.

Паводле словаў знаёмых дырэктара «Містэрыі гуку», А.Шлык выправіўся ў адпачынак з Масквы, разам з сваімі сябрамі. Ён зьяўляўся прыхільнікам дайвінгу ды вандраваў на яхце. Аляксандр зь сябрамі спыніўся ў партовым мястэчку Дахаб. У раёне рэстарацыі «Нэльсан» адбыўся выбух. Па папярэдняй інфармацыі падарваліся тэрарысты-сьмяротнікі. Выбухі таксама адбыліся паблізу – у гандлёвым цэнтры і мясцовым бары. Пры першым абвяшчэньні прозьвішчаў загінулых быў названы Леанід Цітарэнка – дырэктар маскоўскай гуказапісвальнай кампаніі «Маналіт», які быў разам з А.Шлыкам, аднак прозьвішча беларуса ў сьпісах не фігуравала. Бліжэй да 17.00 пачалі паступаць зьвесткі пра тое, што цела беларуса было апазнанае.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0