Трое вядомых былых беларускіх палітвязняў — праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, і кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў накіравалі адкрыты ліст лідарам Еўрасаюза з заклікам захаваць санкцыі ў дачыненні да беларускіх афіцыйных асоб і юрыдычных асоб у поўным аб'ёме.
Усе трое прайшлі праз адвольныя затрыманні, несправядлівыя суды і катаванні падчас следства і ў месцах зняволення. Іх, як і астатніх палітвязняў, беларускія ўлады вызвалілі толькі дзякуючы міжнароднаму ціску, але не аднавілі ў правах. У сваім лісце на імя Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні і міністраў замежных спраў усіх краін-сяброў ЕС Бяляцкі, Статкевіч і Саннікаў заклікалі не адмяняць і не прыпыняць санкцыі да выканання ўсіх умоў ЕС, уключаючы рэабілітацыю ўсіх былых палітвязняў і значнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека.
«Мы настойліва заклікаем Раду ЕС устрымацца ад прыпынення або зняцця кропкавых абмежавальных мер у дачыненні да беларускіх афіцыйных і юрыдычных асоб да таго часу, пакуль не будуць выкананыя ўсе ўмовы, якія змяшчаюцца ў рашэннях Рады. Гэтыя ўмовы, якія былі ясна пазначаныя ў 2011 годзе і паўтораны ў 2012, 2013 і 2014 гадах, заключаюцца ў наступным: «неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных і значныя паляпшэнні ў галіне павагі правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў». Акрамя вызвалення палітычных зняволеных, іншыя ўмовы не выкананыя», — гаворыцца ў лісце.
Не былі расследаваныя жорсткія дзеянні ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, уключаючы паліцэйскі гвалт у дачыненні да дэманстрантаў, затрыманне больш за 700 чалавек, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі, несправядлівыя суды, у выніку якіх было асуджана больш за 40 чалавек, прызнаных палітычнымі вязнямі.
Урад Беларусі не выканаў ніякіх рэкамендацый міжнародных арганізацый, якія тычацца правоў чалавека і вяршэнства закона, становішча з якімі толькі пагоршылася пасля жорсткіх дзеянняў уладаў зімой 2010 — вясной 2011 гадоў. Сітуацыя ў Беларусі перарасла ў зацяжны крызіс, дзе парушэнні правоў чалавека носяць «сістэмны і сістэматычны» характар, па вызначэнні Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта выклікана прыняццем шэрагу рэпрэсіўных законаў і прымяненнем усё больш рэпрэсіўных мер, якія руйнуюць асноўныя свабоды.
Урад Беларусі адмаўляецца ад супрацоўніцтва з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі па найбольш важных пытаннях правоў чалавека і не прызнае мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Ні адзін былы палітычны зняволены не быў рэабілітаваны.
Калі будзе прынята рашэнне аб частковым або поўным прыпыненні санкцый, гэта будзе азначаць, што Еўрасаюз фактычна ўхваляе беспакаранасць і рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Без рашучых патрабаванняў з боку міжнароднай супольнасці па змяненні заканадаўства і прыняцця іншых мер, умовы для працягу рэжымам практыкі «гандлю закладнікамі» захаваюцца, гаворыцца ў лісце былых палітычных зняволеных.