«Ой, как красіва вы гаварыце па-беларускі!», – такі вокліч я, як і іншыя гарадскія беларускамоўныя чую па некалькі разоў на дзень, калі даводзіцца кантачыць з светам за бортам утульнага кола сяброў і фрэндоў. Але штораз я працягваю крыху бянтэжыцца і здзіўляцца гэтай дзіўнай заўвазе, нібы чую яе ўпершыню. А ў адказ на «камплімент» акрамя дзяжурнай ўсмешкі рэдка знаходжуся, што б такога выпаліць. Урэшце днямі ўпершыню апынуўся па іншы бок гэтых моўных барыкадаў.

Горад Ляхавічы, гарадская паліклініка. Квэст «працягнуць медыцынскую даведку для кіравання аўто» набліжаецца да фінішу. У самым пачатку марафону, які стартаваў у «даўрачэбным кабінеце» прыемная пухнаташчокая жанчына ў белым халаце паставіла мне з усмешкай звыклы дыягназ: «Ой, як вы хораша гаворыце па-беларуску». Камунікацыі з ёй ды наступнымі белымі халатамі, а таксама ў чарзе з мясцовымі жыхарамі, ішлі нязмушана на мове, якой размаўлялі ў Ляхавічах стагоддзямі. Нават рускамоўныя плакаты на сценах паліклінікі і малады тэрапеўт, які адпрацоўвае размеркаванне, ніяк не змаглі разбурыць наша мілае «беларускамоўнае гета».

Урэшце ў фінальным кабінеце, дзе сабраны пацыентамі па паліклініцы ўлоў пячатак і подпісаў адмысловая медсястра канвертуе ў бланк «Медыцынская даведка», я не стрымаўся.

«Вы вельмі прыгожа гаворыце па-беларуску», – выпаліў я праз некалькі хвілін чакання ўвагі медсястры, што суправаджалася размовай па тэлефоне гэтай жанчыны з сваёй сваячкай.

«Ой», – расчырванелася жанчына і не знайшлася, што адказаць.

Ляхавічы зачароўваюць сваёй нармальнасцю. У мясцовыя крамкі можна было б прыводзіць экскурсіі, каб падслухаць, як жыве не «нанова», а па-старому ў 2015-м беларуская мова сярод людзей па-за кантэкстам фэйсбукаў, рэдакцыяў, рэпетыцыяў, паседжанняў, канцэртаў, пікетаў ды моўных курсаў. Але цішком, каб ніхто з мясцовых не здагадаўся гэтай увазе. Свая мова толькі для сваіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?