Хрысціяне, якія жывуць у Сірыі, рэзка негатыўна выказаліся аб нядаўнім выступе афіцыйнага прадстаўніка Рускай праваслаўнай царквы, у якім той назваў авіяўдары, якія наносяцца расійскімі ВПС, часткай святой барацьбы.

«Барацьба з тэрарызмам, за справядлівы свет, за годнасць людзей, якія адчуваюць выклік тэрору, — гэта вельмі маральная, гэта, калі хочаце, святая барацьба, і сёння наша краіна з'яўляецца, напэўна, самай актыўнай ў свеце сілай, якая супрацьстаіць тэрору», — заявіў раней журналістам кіраўнік сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні царквы і грамадства Маскоўскага патрыярхату протаіерэй Усевалад Чаплін.

Таксама святар падкрэсліў, што Расія заўсёды грала «асаблівую ролю» на Блізкім Усходзе.

Адзін з лідараў сірыйскай хрысціянскай царквы, біскуп Ільяс Тума заявіў у адказ на гэта выказванне: «Не можа быць у хрысціянстве ніякай святой вайны! Незалежна ад таго, згодны нехта з гэтым ці не».

Яшчэ адзін сірыйскі святар, Іспірыдон Танус, заявіў у інтэрв'ю сайту Suriyat, што Расія гуляе з агнём: «Пакутнікі ў нашай царкве не стануць мучанікамі вайны, яны — ахвяры вайны».

У той жа самы час вядучы панарабскага спадарожнікавага тэлеканала «Аль-Джазіра» Фейсал аль-Касім напісаў на сваёй старонцы ў твітары: «Калі Руская царква апісвае расійскую інтэрвенцыю ў Сірыі як святую вайну, яна тым самым міжволі заклікае мусульман на джыхад».

Многія каментатары-хрысціяне ў сацсетках таксама выказалі гнеў у сувязі са словамі прэс-сакратара РПЦ. «Нехрысціянскія і неэтычныя заявы Рускай царквы не адлюстроўваюць ні поглядаў хрысціян Усходу, ні хрысціянства наогул. Давайце будзем памятаць, што ідэя «святой вайны» прыйшла ад заходніх крыжакоў», — напісаў у фэйсбуку Наджыб Георг Авад.

«Мы, хрысціяне Блізкага Усходу, верым у святы мір і суіснаванне», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?