Чатыры дзясяткі атлетаў выказалі падтрымку самаму масаваму спартоваму выданьню, якое рашэньнем выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (НАК) 28 лютага было пазбаўленае акрэдытацыі на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне.

Адлучэньне матываванае тым, што «Прессбол» друкуе матэрыялы, якія «абражаюць пачуцьці спартоўцаў і падрываюць дзелавую рэпутацыю НАК».

Сярод спартоўцаў, якія ўжо выказалі салідарнасьць з «Прэсболам», чэмпіёны і прызэры Алімпійскіх гульняў, усясьветных і кантынэнтальных першынстваў: веласыпэдыстка Натальля Цылінская, фрыстайліст Дзьмітрый Дашчынскі, легкаатлетка Юлія Несьцярэнка, гімнастка Ганна Глазкова, баскетбалістка Алена Швайбовіч ды іншыя.

На гэты час каля сарака дзейных спартоўцаў, а таксама атлетаў, якія ўжо завяршылі выступы, заявілі пра недапушчальнасьць такіх жорсткіх захадаў з боку НАК.

Фармальнай падставай да пазбаўленьня акрэдытацыі журналіста і фотакора «Прэсболу» на маючай адбыцца Алімпіядзе ў Пэкіне стаў артыкул алімпійскай прызэркі ў біятлёне, а цяпер журналісткі «Прэсболу» Сьвятланы Парамыгінай «Алімпійская «памыйка». Яна прывяла факты адмываньня дзяржаўных сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку алімпійцаў, праз сумнеўныя расейскія фірмы. Кіраўніцтва НАК сьледчы імпэт журналісткі не падзяліла, заявіўшы пра “падарваную газэтай рэпутацыю алімпійскага руху».

Кіраўніцтва «Прессболу» па гарачых сьлядох зьвярнулася з адкрытым лістом да прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў у звароце да Лукашэнкі наўпрост сьцьвярджае, што зь ініцыятывы НАК «Прессбол» пазбаўлены права на працу: «Мы – самае масавае спартовае выданьне краіны, гэта наш хлеб, гэта наша праца. За намі стаяць тысячы чытачоў. Гэта тое ж самае, як забраць гаечны ключ у сьлесара, пазбавіўшыя яго магчымасьці працаваць. Пазбавіць права на працу – я гэта так расцэньваю. Таму гарант Канстытуцыі, прэзыдэнт НАК, мне падаецца, павінен усё разглядзець і прыняць правільнае рашэньне».

Восем гадоў таму, 20 сакавіка 2000-га, бюро НАК з ініцыятывы віцэ-прэзыдэнта камітэту Генадзя Аляксеенкі пазбавіла «Прессбол» акрэдытацыі ў Сыднэі. Але неўзабаве адбыўся выканкам НАК, на якім Аляксандар Лукашэнка вярнуў усё назад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?