Жанр: крымінал, трылер, драма
Рэжысёр: Браян Хэлгеленд
У ролях: Том Хардзі, Пол Андэрсан, Крыстафер Эклстан, Джошуа Хіл, Эмілі Браўнінг, Колін Морган, Тара Фітцджэральд, Нікалас Фарэл.
Вялікабрытанія, Францыя, 131 хв.
Адзнака: 7

Фільм расказвае гісторыю блізнюкоў Рэджынальда і Рональда Крэяў, культавых фігур злачыннага свету Вялікабрытаніі 1960-х, ад пачатку іх кар’еры да зняволення ў 1969.

Аповед вядзецца ад асобы жонкі Рэджы Фрэнсіс. Браты ўзначальвалі самую ўплывовую бандыцкую групоўку Іст-Энда і адзначыліся выключнай жорсткасцю і неўраўнаважанасцю. Ім прыпісваюць узброеныя рабаванні, рэкет, падпалы, забойствы, а таксама яны былі ўласнікамі начных клубаў, якія наведвалі нават галівудскія знакамітасці. Сярод іх ахвяр — крымінальныя аўтарытэты Джэк МакВіці і Джордж Корнэл.

Сюжэт заснаваны на кнізе «Мастацтва гвалту: Узлёт і падзенне блізнят Крэй» Джона Пірсана.

Рэжысёрам і аўтарам сцэнара выступіў амерыканец Браян Хэлгеленд, які ў 1998-м атрымаў «Оскар» за найлепшы адаптаваны сцэнар да «Сакрэтаў Лос-Анджэлеса». Галоўную ролю атрымаў брытанец Том Хардзі («Шалёны Макс», 2015), паказаўшы ўсё сваё акцёрскае майстэрства ў вобразах хворага Рональда, маньяка-садыста, і больш чулага і разумнага Рэджы. Дуэт яму склала аўстралійка Эмілі Браўнінг («Забаронены прыём», 2011).

Здымкі праходзілі ў Лондане. Дэкарацыяй да стужкі сталі некалькі легендарных пабаў.

 «Легенда» пабіла рэкорды бокс-офісаў гэтага сезону. Упершыню ў гісторыі брытанскага кінапракату фільм сабраў беспрэцэдэнтныя для верасня 8 мільёнаў даляраў і ўвайшоў у топ-ліст самых касавых фільмаў Вялікабрытаніі.

Стужка будзе цікавая аматарам экранізацый крымінальных гісторый, заснаваных на рэальных падзеях. Англійскі каларыт, на жаль, тут складаюць толькі лонданскія гарадскія пейзажы. А вось вытанчанага гвалту тут шмат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?