Беларус Аляксей Фралоў — выдатны фагатыст. А яшчэ ён удзельнік беларускага нацыянальнага руху, актывіст беларускамоўнай кальвінісцкай царквы. Перад самай вайной яму давялося папрацаваць у Нацыянальным сымфанічным аркестры Сірыі і, у якасьці выкладчыка, у Акадэміі музыкі і тэатра ў Дамаску. Меркаваньне Аляксея Фралова наконт рэжыму Асада не супадае з агульна распаўсюджаным. Вось што ён расказвае пра гэтую краіну, што пагрузілася ў крывавую грамадзянскую вайну.

Аляксей Фралоў і яго мірная зброя — фагот.

Аляксей Фралоў і яго мірная зброя — фагот.

— Аляксей, у сацыяльных сетках ваш статус абазначаны як «Damascus Opera House». У прыцэле новага павароту падзеяў у Сірыі выглядае інтрыгуюча…

— Найперш, гэта не прыдумана, я насамрэч там працаваў цягам 2011—2012 гадоў. Ёсьць пэўнае настальжы па тым часе і тым месцы, таму гэты статус і не зьмяняю…

У Дамаску я працаваў па спэцыяльнасьці — выкладчыкам Акадэміі музыкі і тэатру. Таксама выступаў як саліст Нацыянальнага сымфанічнага аркестру, у якасьці першага фагатыста. Праца ў Дамаску пакінула ў мяне найлепшыя ўспаміны. 

Я адчуў дабрыню гэтага народу, яго вялікую сардэчнасьць. Значна большую, чым у беларусаў. Яны гатовы падзяліцца з табой усім, бо ты — госьць. І няважна, хто і адкуль — амэрыканец, француз, расеец ці беларус.

Расейцаў, праўда, там асабліва любяць. Дзясяткі гадоў Сірыі дапамагаў спачатку Савецкі Саюз, потым Расея, таму сантымэнты да Масквы вялікія. І роля Расеі ў Сірыі была вельмі пазітыўная. Яна спрыяла эканоміцы, культуры, адукацыі. Я не бяруся аналізаваць, ці былі там фінансавыя, геапалітычныя інтарэсы. Я проста канстатую пункт гледжаньня звычайнага сірыйца, з сотнямі якіх я кантактаваў і дагэтуль сябрую.

Аляксей Фралоў. Сола на фагоце зь Беларускім філярманічным аркестрам.

— А палітыка, рэлігійны фундаменталізм, дыктатура?

— Сірыйцы — народ добразычлівы. Жыў і хацеў жыць у міры паміж сабой – грамадзянскім, канфэсійным. Канечне, гэта не дэмакратыя. Але ці дэмакратыя ў Саудаўскай Арабіі? Ці дэмакратыя ў Бахрэйне? А ў Сірыі было талерантнае грамадзтва, у тым ліку дзякуючы палітыцы ўладаў.

Мячэт у Дамаску, збудаваны на месцы колішняй хрысьціянскай базылікі.

Мячэт у Дамаску, збудаваны на месцы колішняй хрысьціянскай базылікі.

— Хто, па-Вашаму, найбольш вінаваты ў тым, што ў Сірыі разгарэлася братазабойчая вайна?

— Вінаватыя палітычныя інтарэсы пэўных дзяржаў. Аслабленьне Сірыі выгаднае Ізраілю, які дзейнічае паводле прынцыпу «падзяляй і ўладар». Негатыўную ролю адыгралі таксама Катар, Саудаўская Арабія, некаторыя колы ў ЗША і Францыі. І гэтая гульня інтарэсаў зламала лёсы ўжо нават ня тысяч, а мільёнаў сірыйцаў.

Па-мойму, з тым жа Асадам можна і трэба было дамаўляцца. Гэта ж ня той фанатычны Асад-бацька, а нармальны, адэкватны, праэўрапейскі чалавек з эўрапейскай адукацыяй, які паволі, эвалюцыйна рэфармаваў краіну. 

— Атрымліваецца, Вы сталі міжвольным сьведкам гістарычнага злому ў цэлым рэгіёне.

— Так, я аказаўся менавіта на зломе, на самым пачатку арабскай вясны, якая 3—4 гады таму пачала каціцца па рэгіёне, захопліваючы ўсё новыя і новыя краіны. Пры мне пачыналі ўжо ляцець «першыя ластаўкі» тэрарызму і ў Сірыі: дзесьці выбух, дзесьці гранатамёт, дзесьці сьмяротнік. На поўначы захапілі Хомс, на поўдні Дараа — і пайшло-паехала.

Сірыйскія краявіды: зямля, выпаленая сонцам.

Сірыйскія краявіды: зямля, выпаленая сонцам.

— І ўсё ж, ці няма ў тым, што адбываецца, найбольшай віны «дынастыі» Асадаў? Хоць ён і больш сьвецкі за многіх сваіх калег у арабскім сьвеце, але іншадумства, мякка кажучы, не вітаў…

— Я спачуваю тым людзям, якія пацярпелі ад рэжыму. Сам Асад быў закладнікам сыстэмы, створанай ягоным бацькам. Зразумела, гэта аўтарытарная сыстэмы, якая трымаецца на спэцслужбах і г.д. Але там увесь рэгіён так пабудаваны. Каб гэтага не было, пэўна, іслямісты ўзялі б верх з апорай на сунітаў. І тады ўжо хрысьціянам, алаўітам, людзям сьвецкім — усім, каго цывілізаваная Эўропа падтрымлівае і лічыць сваімі — дакладна тут не засталося б месца. Іх проста скінулі б у мора. А яны аўтахтоны на гэтай зямлі, маюць поўнае права на ёй жыць. І жылі мірна, пакуль не пачалося гэтае паўстаньне.

Цьвярозых галасоў гучала мала, іх проста не пачулі, лунала эўфарыя: маўляў, скінем Асада, мы наш, мы новы сьвет збудуем — і настане дэмакратыя. Так не стала: зусім іншы сьвет – арабскі, іншы кантэкст, іншая культура.

Цікава, што канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель давала зразумець, што, мякка кажучы, сумняецца ў імпэце францускага калегі, які заклікаў на вайну супраць Асада. Гэта недальнабачная, напалеонаўская палітыка бяз мудрасьці, без аналізу і хрысьціянскай этыкі. Пры ўсёй маёй павазе да Захаду, да заходніх каштоўнасьцяў, на арабскім Усходзе ён памыляецца.

Так выглядаў мірны Дамаск.

Так выглядаў мірны Дамаск.

— Аляксей, наколькі разумею, Сірыю вы пакінулі вымушана, з пачаткам ваенных дзеяньняў?

— Так, вымусіла сытуацыя. Яна накалілася настолькі, што мне па-сяброўску параілі зьехаць самі сірыйцы. На той момант ужо гадзінамі не было электрычнасьці, пачаліся перабоі з газам, усё часьцей і бліжэй да цэнтру Дамаска чуліся аўтаматныя стрэлы і выбухі снарадаў…

Дамаск: горад на горах.

Дамаск: горад на горах.

— Крыўдна было кідаць справу на паўдарозе? Адчуваецца, што вам рэальна было там камфортна і фізычна, і маральна...

— Канечне. Тамтэйшыя людзі цягнуцца да эўрапейскай культуры, да музыкі, да мастацтва. Як кажу пра нармальныя, праэўрапейскаія сілы. І, дарэчы, сучасны прэзыдэнт, Башар Асад, заўсёды падтрымліваў менавіта эўрапеізацыю Сырыі. Гэта была сьвядомая культурная палітыка вышэйшага кіраўніцтва — пераадоленьне ў краіне перажыткаў Сярэднявеччча. 

Ведаеце, у маіх студэнтаў у літаральным сэнсе гарэлі вочы, яны ўвесь час даймалі пытаньнямі: устас, раскажыце пра гэта, устас, раскажыце пра тое. «Устас» па-іхняму — гэта «шаноўны настаўнік». Яны шчыра імкнуліся да ведаў. Нават самыя няздольныя! Былі як таленавітыя вучні, так і ня вельмі. І нават няздатныя стараліся, нешта «вышкрабалі» на тых фаготах. Папросту фэнамэнальная цяга да мастацтва, да культуры. Народ жывы, надзвычай актыўны, вельмі сонечны. Нездарма Дамаск здаўна называюць яшчэ і Аль-Шам — Горад Сонца. Шкада, што цяпер там хаос.

Сьцены старой цытадэлі ў Дамаску.

Сьцены старой цытадэлі ў Дамаску.

У Дамаску засталіся сябры, калегі-выкладчыкі, студэнты. Як могуць, жывуць, дакладней, выжываюць. Нехта, зразумела, эміграваў. Прыкладам, адзін з маіх студэнтаў пераехаў у Нямеччыну, там ужо працуе. Але ён меў добры старт — у яго ўдала ўсё складвалася па спэцыяльнасьці, з фаготам. Яму было што паказаць у той жа Нямеччыне. Ну, а хтосьці застаўся на радзіме… 

— Як па-Вашаму, далучэньне расейскай авіяцыі да ваеннай апэрацыі супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» — на карысьць сірыйцам?

— Расея мае ў Сірыі свае інтарэсы, і ёй кіруе ня толькі шчырае жаданьне дапамагчы беднаму сірыйскаму народу. Але ў гэтым выпадку я ўсё ж падтрымліваю Расею, бо ў дадзенай сітуацыі яе дзеяньні супадаюць з інтарэсамі сірыйскага народу. Роля Расеі ва Украіне была цалкам нэгатыўная, роля ў Сірыі можа аказацца пазытыўнай.

Што робіць Амэрыка ў Сірыі? Бамбіць. Тое самае робіць цяпер Расея. Тады чаму хтосьці мае прэтэнзіі да Расеі і ня мае прэтэнзій да Амэрыкі? Супраць тэрарыстаў трэба дзейнічаць зброяй.

Сірыя: адна з калысак старажытнай цывілізацыі.

Сірыя: адна з калысак старажытнай цывілізацыі.

* * *

Аляксей Фралоў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Менску. Скончыў музычны ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі, а ў 1997-м — і саму ўстанову па клясе фагота. Шлях да музыкі абраў, дзякуючы бацькам: маці ад 4 гадоў вадзіла сына ў філярмонію ды опэрны тэатар, бацька сам быў выдатным габаістам, салістам Сымфанічнага аркестру Беларускай філармоніі, адным з стваральнікаў ансамблю старадаўняй музыкі «Кантабіле».

У складзе ансамбля салістаў «Вытокі».

У складзе ансамбля салістаў «Вытокі».

Фралоў — першы беларускi фагатыст, якi атрымаў прызнаньне на прэстыжных эўрапэйскiх конкурсах як выканаўца-салiст. Фралоў таксама — дасьледчык старадаўняй беларускай музыкі, краязнаўца. Мастацкі кіраўнік фэсту «Год Агінскага» ў Залесьсі. Сёлета ў ліпені пабраўся шлюбам, жонка паводле адукацыі батанік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?