У паляўнічых угоддзях каля вёскі Вертнікі Дзяржынскага раёна егеру ўдалося затрымаць браканьера, страляў па жывёлах з аўтамабіля «Ніва». Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі.
gosinspekciya.gov.by
У салоне машыны паляўнічага спецыялісты са Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі знайшлі паляўнічы карабін, дзве стрэляныя гільзы і фару-шукальнік, а на бамперы і ў багажніку — рэшткі шэрсці і плямы падсохлай крыві. Вырашана было агледзець дачу мужчыны, якая месціцца непадалёк.
Падазрэнні аказаліся не беспадстаўнымі. Першае, што прыцягнула ўвагу пры ўваходзе ў гараж, — шкура чырванакніжнага барсука. Знойдзеныя таксама дзве пары рагоў казулі і мноства пастак. Знайшліся тут і сеткавыя прылады лоўлі рыбы, і мяса дзічыны.
Аднак больш за ўсё ўразіў інспектараў і супрацоўнікаў міліцыі «дачны арсенал» затрыманага. Акрамя двух незарэгістраваных паляўнічых стрэльбаў, мінчук захоўваў у сябе на дачы паўтары сотні патронаў да пісталета Макарава і каля ста патронаў да аўтамата Калашнікава.
Уся зброя і боепрыпасы канфіскаваныя, на аўтамабіль парушальніка накладзены арышт. Вядзецца следства па фактах незаконнага палявання.