Удзельніца падзеяў на Слуцкай шашы тлумачыць, як гэта было. Кіроўцы тым часам ладзяць флэш-мобы пратэсту.

У «Гольфе» Вольга сядзела за сядзеньнем кіроўцы. У яе зламана рука.

Яшчэ адна дзяўчына пасажырка мае страсеньне мазгоў — яе выратавала мяккая цацка, якую яна да сябе прыціскала.

— Дзіва, што на такой хуткасьці вы так лёгка абышліся…

— Вы ня першы, хто мне гэта кажа, — прызналася Вольга.

— Зь якога часу вас пачалі перасьледаваць машыны ДАІ?

— Мы ад’ехалі ад Слуцку кілямэтраў 20… Не спыніліся на патрабаваньне інспэктара…

— Якая была ваша хуткасьць?

— Кілямэтраў 80-90, бо мы ехалі праз населены пункт і машын наперадзе было вельмі шмат.

— Кіроўца спалохаўся?

— Так…

— Якой была хуткасьць потым, пры пагоні?

— Кілямэтраў 150…

— Кіроўца Раман быў п’яны?

— Ён быў выпіўшы — у Гомелі выпіў грам 200 гарэлкі. Ад Гомеля да Слуцку за стырном ехала я. Але ў мяне стаж кіроўцы невялікі, чатыры гады, і для мяне гэта была вельмі вялікая адлегласьць. Таму пасьля Слуцку я папрасіла Рому сесьці за стырно.

-- А да таго часу ён хаця б крыху працьверазеў?

— Ну так, у прынцыпе … Колькі ён там выпіў!..

— Вы ў Гомелі разам пілі гарэлку?

— Вы што, я была адзіная цьвярозая ў машыне — гэта засьведчыла экспэртыза!..

— Падчас пагоні вы прасілі Рамана спыніцца?

— Я проста паглядзела, што нас прасьледуе ДАІ зь мігалкамі, прыціснулася да задняга сядзеньня і сказала: «Госпадзе, зьмілуйся!..»

Кіроўцы ладзяць флэшмобы пратэсту

Яшчэ ў сераду — удзень, калі стала вядома пра «жывы шчыт», — беларускія інтэрнэтчыкі сталі актыўна абмяркоўваць, як выказаць пратэст супрацоўнікам ДАІ, якія, паводле адной з вэрсіяў, спэцыяльна падставілі пад удар машыны з пасажырамі. Учора ў Менск можна было ўбачыць дзясяткі машын з прымацаванымі да баковога і задняга шкла плякатамі «ЖЫВЫ ШЧЫТ». Паралельна кіроўцы прывязвалі да антэнаў на крышы чорныя стужкі. Галоўнай прычынай абурэньня кіроўцаў стаў першапачатковы камэнтар намесьніка начальніка рэспубліканскай ДАІ Ігара Ваніцкага, які заявіў, што лічыць дзеяньні інспэктараў правільнымі, паколькі іншай магчымасьці спыніць парушальніка не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?