У пасёлку Гатава пад Мінскам 7 кастрычніка адбылася цырымонія пачатку будаўніцтва новага гіпсавага завода. Інвестыцыйны праект рэалізуе расійская кампанія «Волма». У 2014 годзе кампанія набыла дзяржпакет акцый ААТ «Белгіпс» за 5,27 млн. долараў. Згодна з указам прэзідэнта быў падпісаны інвестдагавор на 45,5 млн. еўра, якія пойдуць на мадэрнізацыю ААТ «Белгіпс» і будаўніцтва новага гіпсавага завода. 

фота БелаПАН

фота БелаПАН

Як зазначыў, выступаючы на цырымоніі адкрыцця, намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, ён наведваў новы завод кампаніі ў Арэнбургу і паглядзеў стварэнне новай вытворчасці будматэрыялаў з гіпсу. «Я ўбачыў, што гэта адна з вядучых сусветных кампаній на гэтым сегменце. Беларусь выбрана інвестарам не выпадкова, як краіна стабільная, з адкрытай эканомікай. Тут будуць створаныя новыя працоўныя месцы, новыя тэхналогіі, новыя матэрыялы для будаўнічага комплексу, гэта дасць імпульс развіццю не толькі эканомікі нашай краіны, але і самой кампаніі «Волма». Не пройдзе двух з паловай гадоў — і мы будзем тут адкрываць новую вытворчасць, дзе будзе працаваць разумная тэхніка, адукаваныя спецыялісты», — зазначыў Калінін. 

«Мы ва ўрадзе высока ацэньваем гэты інвестыцыйны праект і ствараем усе ўмовы, каб быў пабудаваны завод па вытворчасці гіпсавых матэрыялаў. Гэты завод прынясе нам не толькі 43 млн. еўра інвестыцый. 30 млн. кв. метраў гіпсавых пліт — гэта шмат для нашай краіны, але стратэгія кампаніі нацэленая на продаж на знешнія рынкі, дзе яны думаюць паспяхова канкурыраваць», — адзначыў віцэ-прэм'ер. 

Паводле слоў першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Кручанава, «гэта вельмі значна праект для будаўнічай галіны краіны». «Ён значны і для Мінска, бо рэалізуецца ў межах праграмы вынасу прамысловых прадпрыемстваў за мяжу сталіцы, што забяспечыць паляпшэнне экалогіі горада. Будуць уведзеныя новыя тэхналогіі, створацца магутнасці, якія задаволяць не толькі патрэбы ўнутранага рынку, але і за мяжой. Пакрокавы рух гэтага праекта паказаў, што гэта сур'ёзны інвестар, у якога сур'ёзныя намеры. Вялікую ролю адыграла падтрымка гэтага праекта з боку кіраўніка дзяржавы. Праз некаторы час на гэтым месцы ўзнікне буйная вытворчасць, якая будзе значнай і стратэгічнай для Рэспублікі Беларусь», — лічыць Кручанаў. 

Як сказаў старшыня савета дырэктараў кампаніі «Волма» Юрый Ганчароў, «праект няпросты, ёсць моцныя канкурэнты».

«Мы ў Беларусі падхопліваем тую справу, якая на працягу 65 гадоў існавала. Завод «Белгіпс» вырабляў гіпсакардон, пазагрэбневыя пліты, будаўнічыя сумесі, якімі будаўнікі карысталіся дастаткова шырока. Наша задача — працягнуць гэтыя традыцыі. У 2014 годзе быў падпісаны ўказ прэзідэнта як знак вялікага даверу і вялікай адказнасці. Мы ўдзячныя і кіраўніку дзяржавы, і ўраду, была праведзеная вялікая работа. Усе абавязацельствы, якія мы на сябе бярэм, будуць выкананы ва ўстаноўленыя тэрміны», — запэўніў Ганчароў. 

На думку прэзідэнта кампаніі «Волма» Аляксандра Малашкіна, «сёння адбываецца важная падзея і для кампаніі, і для Беларусі».

«Мы будуем не першы завод, не першы завод рэканструюем, але гэта дастаткова складаны праект, таму што з кожным годам растуць патрабаванні да эфектыўнасці, да вытворчасці, да маркетынгу, да сэрвісу. Эканоміка ў Расіі, у Беларусі перажывае няпростыя часы, але мы павінны пабудаваць такі завод, які будзе больш эфектыўным, чым сённяшнія нашы прадпрыемствы. Без новых інавацыйных прадуктаў будзе складана працаваць і канкурыраваць з сусветнымі кампаніямі. Наша мэта — быць на іх узроўні», — сказаў ён. 

Згодна з інвестыцыйным абавязацельствам «Волма» ўвядзе ў эксплуатацыю гіпсавы завод у Гатаве ў 2018 годзе, будзе створана не менш чым 180 працоўных месцаў. Праектныя магутнасці штогод складуць: гіпсакардонныя лісты — 30 млн. кв. м, пазагрэбневыя пліты — 500 тыс. кв. м, сухія будаўнічыя сумесі — 100 тыс. тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?