Сёння ў Стакгольме абвешчана імя новага лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Гэта беларуска Святлана Алексіевіч. Выхадцы з Беларусі атрымлівалі Нобель раней, але беларуска, грамадзянка Беларусі — упершыню. Таму 8 кастрычніка — гістарычны дзень для Беларусі.

Чытай таксама: Святлана Алексіевіч дала сваю першую прэс-канферэнцыю як лаўрэат — ТОП-15 выказванняў + поўнае відэа

Выратавалі жыццё ўкраінскія манахіні

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 годзе ва ўкраінскім Івана-Франкоўску.

Яе бацька — беларус, вайсковец-лётчык, маці — украінка.

«Мая ўкраінская бабуля заўсёды мне казала, што я мушу любіць Украіну. Усё дзяцінства яна мне расказвала пра Галадамор, які гэта быў кашмар».

Алексіевіч расказвала, што гісторыя яе жыцця пачыналася з таго, як дактары сказалі, што яна не выжыве. «У мяне быў рахіт. Маці нічога не магла купіць на базары. Сябры бацькі перакінулі яго нейкім чынам праз сцены манастыра, і ён прыйшоў да настаяцельніцы. Ён папрасіў, каб выратавалі дзіця. Настаяцельніца доўга думала, пасля сказала, каб жонка прыходзіла штодня, мы будзем выдаваць паўлітра казінага малака».

Дзевяць троек у атэстаце

У 1961 годзе сям’я Алексіевічаў пераязджае ў Петрыкаўскі раён Беларусі.

Бацька — Аляксандр Яўхімавіч — становіцца дырэктарам Капаткевіцкай сярэдняй школы. Гэта самая глуш Палесся. Маці таксама працавала настаўніцай. Цікава, што ў гэтай самай школе вучылася Ніна Мазай — будучая віцэ-прэм'ерка БССР.

Выдатніцай Алексіевіч не была. У адным з інтэрв’ю яна прызнавалася, што скончыла школу аж з дзевяццю «тройкамі». Выдатна было толькі па літаратуры і гісторыі. Алексіевіч кажа, што асаблівай сімпатыі да школы яна ніколі не мела, а хацела хутчэй вырвацца ў вялікі свет.

Папрацавала ў раёнках і настаўніцай

Кабул, 1988 год. Падчас працы над кнігай «Цынкавыя хлопчыкі».

Кабул, 1988 год. Падчас працы над кнігай «Цынкавыя хлопчыкі».

Пасля школы Алексіевіч працавала карэспандэнтам нараўлянскай раёнкі «Прыпяцкая праўда». Працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Мазырскім раёне. У 1967 годзе паступіла на журфак БДУ. Пасля яго сканчэння была размеркаваная ў бярозаўскую раёнку «Маяк камунізму». Ад 1976 года працавала ў мінскіх газетах і літаратурных часопісах.

Моцны ўплыў на творчасць Алексіевіч аказаў Алесь Адамовіч і кнігі «Я з вогненнай вёскі», «Блакадная кніга», што з'явіліся з ягоным удзелам. Менавіта Адамовіч запачаткаваў у Беларусі жанр, дзе змешваліся літаратура і журналістыка. Алексіевіч называла Адамовіча сваім настаўнікам і пайшла яго дарогай.

«З тысячы галасоў, кавалачкаў нашага быту і быцця, словаў і таго, што паміж словамі я складваю не рэальнасць (рэальнасць недасягальная), а вобраз… Вобраз свайго часу. Тое, як мы яго бачым, як мы сабе ўяўляем. Я складваю вобраз сваёй краіны ад людзей, якія жывуць у мой час. Я хацела б, каб мае кнігі сталі летапісам, энцыклапедыяй амаль дзясятка пакаленняў, якія я заспела і разам з якімі іду», — так Алексіевіч ахарактарызавала сваю творчасць.

Два гады выдавецтвы мурыжылі яе кнігу «У вайны не жаночае аблічча».

Набор яе першай кнігі «Я з’ехаў з вёскі» рассыпалі ў тыпаграфіі.

Толькі з крызісам Савецкага Саюза яе кнігі змаглі паўнаварта дайсці да чытача.

Хавала Арлова

Намеснік дырэктара Ліцэя імя Якуба Коласа Лявон Баршчэўскі кажа, што Алексіевіч была адной з першых, хто стаў на абарону ліквідаванай навучальнай установы. «Калі нас выгналі ў падполле, то Алексіевіч дапамагала грашыма на арэнду памяшканняў, ахвяравала частку ўласнай бібліятэкі, удзельнічала ў сустрэчах».

Алексіевіч ніколі не была звязаная з палітычнай апазіцыяй, але ўвесь час дапамагала грамадзянскай супольнасці.

Таксама Баршчэўскі кажа, што за доўгі час знаёмства ніколі не чуў ад Алексіевіч нічога абразлівага ў бок беларускай мовы. «Усё гэта лухта, што яна супраць усяго беларускага».

Літаратар Уладзімір Арлоў расказаў незвычайную гісторыю, як яму ў жыцці дапамагла Святлана Алексіевіч. «Пасля майго выступу на Дзядах 1988 года, да мяне пачаў заходзіць міліцыянт Сальнік. Ён склаў два запар пратаколы за пражыванне ў Мінску без прапіскі. Мне гразіла дэпартацыя па месцы прапіскі ў Полацк. У гэтай сітуацыі на дапамогу мне прыйшла Святлана Алексіевіч».

Жыллёвыя ўмовы пісьменніцы дазвалялі прапісаць у сябе Арлова. Алексіевіч падала дакументы ў камунальныя службы. Дзякуючы гэтаму Уладзімір Арлоў захаваў працу ў «Мастацкай літаратуры», а таксама застаўся ў Мінску.

Цэніць Станкевіча і Федарэнку

Святлана Алексіевіч шмат чытае беларускай літаратуры. Мала што праходзіць міма яе.

«Я люблю тое, што мяне адкрывае, я люблю сапраўдныя рэчы… Напрыклад, «Любіць ноч — права пацукоў» Юрыя Станкевіча. Я помню, што калі гэта прачытала, я ахнула. Я ўбачыла добра зробленую рэч», — казала Алексіевіч.

Алексіевіч таксама адзначала Андрэя Федарэнку за ягонае апісанне вёскі.

Сёлета, калі «Наша Ніва» надрукавала дзённік Андруся Горвата — мінчука, які пераехаў у вёску, гэта так уразіла Святлану Алексіевіч, што яна даслала ў палескую вёску бандэроль з кніжкамі.

Не атрымала ніводнай прэміі ў Беларусі

Пісьменніца абласканая міжнароднымі літаратурнымі прэміямі. Напрыклад, толькі за апошнія гады яна атрымала прыз чытацкіх сімпатый на самай прэстыжнай прэміі Расіі «Вялікая кніга», прэмію імя Рышарда Капусцінскага ў Варшаве, званне афіцэра ганаровага ордэна мастацтваў і літаратуры Французскай Рэспублікі, французскую прэмію Медычы, прэмію саюза нямецкіх кнігагандляроў. Ад канца 90-ых яе рэгулярна ўзнагароджваюць на Захадзе, а вось ніводнай прэміі ў Беларусі яна так і не атрымала.

Дарэчы, у расійскіх СМІ з года ў год качуе адна і тая ж памылка, што Алексіевіч жыве ў Еўропе. Не, яна вярнулася ў Беларусь і апошнія гады жыве ўзімку ў Мінску, а цёплай парой — на лецішчы каля вытоку Іслачы. Праўда, пры гэтым шмат падарожнічае, сустракаецца з чытачамі ва ўсім свеце.

Устала на абарону Украіны і еўрапейскіх каштоўнасцей

Ад пачатку вайны на Данбасе Святлана Алексіевіч адразу заняла ясную пазіцыю. Яна не саромеецца называць калектыўным вар’яцтвам тое, што сёння робіцца ў Расіі. Яна заклікае расійскіх інтэлектуалаў не маўчаць у гэтай сітуацыі, не баяцца выказваць сваё меркаванне. 

«Пуцін — не палітык. Пуцін — кадэбэшнік. І тое, што ён робіць, гэта правакацыйныя рэчы, якімі звычайна займаецца КДБ», — гэта таксама словы Алексіевіч.

У нядаўнім інтэрв’ю «Нашай Ніве» Святлана Алексіевіч сказала: «Мы маем справу з рускім нацыяналізмам, які вельмі небяспечны. Мне вельмі шкада, што ён паражае і таленавітых людзей, як той жа Прылепін. Дай бог, каб мы ацалелі ў гэтым рускім нацыяналізме». «Беларусь можа выратавацца толькі, калі павернецца ў бок Еўропы», — дадала яна.

Апошнім часам у расійскіх СМІ прайшлі хвалі цкавання Святланы Алексіевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?