Лёгка магу ўявіць, як успрыме навіну пра Нобэлеўскую прэмію мая дачка, калі ім у школе ў Празе абвесьцяць пра навіну: «Ганна, пісьменьніца з тваёй Беларусі атрымала Нобэлеўскую прэмію!» — «Так? Супэр!» 

І гэтак сама ўганараваньне будзе ўспрынята ў сьвеце: атрымала прэмію пісьменьніца з Беларусі.

Здавалася б, іншага і быць ня можа: фармальна нобэлеўскі ляўрэат далучаецца да той краіны, пашпарт якой ён мае.

Але тут пачынаюцца нюансы. 

Сама магчымасьць наданьня Нобэлеўскай прэміі пісьменьніцы зь Беларусі, якая піша па-расейску, успрымаецца неадназначна.

У 1998 годзе ў эфіры Радыё Свабода адбылася дыскусія на тэму патэнцыйнага беларускага літаратурнага Нобэля, працытую два меркаваньні.

Сяргей Дубавец: «Асабiста я нiчога ня маю супраць Сьвятланы Алексiевiч. I калi б зоркi леглi для яе шчасьлiва, варта было б шчыра парадавацца за пiсьменьнiцу, якая пiша па-расейску. Але не за Беларусь. Бо, парадаксальным чынам, такая прэмiя магла б стаць апошнiм цьвiком у труну беларускае мовы, якая пасьля такога прызнаньня рускамоўнае лiтаратуры ў Беларусi наўрад цi ўжо ачомалася б да паўнавартаснага грамадзкага iснаваньня. Магчыма, яна б атрымала статус iрляндзкае мовы, на якой яшчэ гавораць сяляне ў краiне, дзе сямёра англамоўных пiсьменьнiкаў носяць званьне ляўрэатаў Нобэля». 

Аляксандар Лукашук: «Нобэлеўская прэмiя для Беларусi — як Чарнобыль наадварот. Ейнае выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыi на пакаленьнi наперад i асьвяцiла б на пакаленьнi назад. У гэтым сьвятле адкрылася б — i так стала iснай — уся Беларусь, мiнулая i будучая, для сьвету i для сябе самой. Спраўдзiлася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад мiж народамi. З Нобэлеўскага п’едэсталу загаварыла б уся нашая задушаная, закатаваная, расстраляная ў ХХ стагодзьдзi лiтаратура i мова. Яна б уваскросла як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа. Тое, што я сказаў, — аргумэнты слабасьцi. Вонкавае прызнаньне, пацьверджаньне iстотнасьцi iснаваньня, яго вартаснасьцi — патрэбнае тым, хто сумняецца ў сабе. Беларусы сумняюцца. Для мяне асабiста гэта быў бы самы шчасьлiвы дзень у жыцьцi. Толькi слабыя ведаюць, што такое перамога». 

Мушу прызнацца, што доўгі час я быў салідарны з ацэнкай Сяргея Дубаўца, але цяпер скарэктаваў меркаваньне.

Не, я не магу прыкласьці вызначэньне Аляксандра Лукашука («Чарнобыль наадварот») — менавіта да Сьвятланы Алексіевіч (зрэшты, аўтар вызначэньня і ня меў на ўвазе менавіта яе — нагадаю, што ў 1998 годзе, калі запісвалася гутарка, сярод найбольш верагодных беларускіх пісьменьнікаў у якасьці Нобэлеўскіх ляўрэатаў называўся Васіль Быкаў). 

Проста я пераканаўся, што мы вельмі перабольшваем фактар замежнага прызнаньня, замежнага аўтарытэту, увогуле — замежнага ўплыву на ўнутранае жыцьцё Беларусі. Перабольшваем найчасьцей у палітыцы, але і ў культуры — таксама.

Лёс Беларусі, яе культуры, яе мовы, як і раней, будуць залежыць найперш ад саміх беларусаў, ад нашай самасьвядомасьці, ад нашай адданасьці і салідарнасьці. А не ад Нобэлеўскага камітэту Швэдзкай акадэміі навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?