Эўрарадыё сталі вядомыя падрабязнасьці пагоні за п’яным кіроўцам 2 сакавіка, якога ўрэшце спынілі кардонам з прыватных аўтамабіляў зь людзьмі.
Начальнік рэспубліканскай ДАІ Аляксандар Мендзелеў назваў дзеянні дарожных інспэктараў непрафэсійнымі і паведаміў пра адстаўкі ў сувязі з гэтым здарэньнем:
«Службовыя асобы, якія адказваюць за прафэсійную падрыхтоўку тых, хто ўдзельнічаў у затрыманьні, а менавіта, намесьнік начальніка аддзела ДАІ Кастрычніцкага РАУС Менску і начальнік ДАІ Слуцкага РАУС вызваленыя ад займаных пасадаў. Супрацоўнікі, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні, гэта супрацоўнікі ДАІ Слуцкага і Кастрычніцкага РАУС, адхіленыя ад сваіх пасадаў да заканчэньня службовага разбору».
Аднак у ДАІ Слуцка пра адстаўку начальніка і інспэктараў нічога ня ведаюць. Пра гэта Эўрарадыё паведаміў прэс‑сакратар слуцкай міліцыі Дзмітрый Семібратаў:
«На дадзены момант ніхто з супрацоўнікаў ДАІ Слуцкага РАУС не адхілены ад працы. Нам пакуль ніхто не даводзіў і не дакладваў, што мы павінны адхіляць нашых супрацоўнікаў. Ніякай праверкі, у прынцыпе, ніхто не прызначаў. Пакуль… Я не хачу сьцьвярджаць, што нічога гэтага ня будзе».
Як паведаміў прэс‑сакратар, падчас пагоні пасажыры машыны парушальніка і сам кіроўца паказвалі супрацоўнікам ДАІ непрыстойныя жэсты.