Упершыню ў гісторыі Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала грамадзянка Беларусі — пісьменніца Святлана Алексіевіч. Апрача эмацыянальнага складальніка ў прэміі ёсць яшчэ і матэрыяльны: прызавыя склалі 8 млн шведскіх крон (амаль 970.000 даляраў).

FINANCE.TUT.BY даведаўся ў падатковай, ці трэба будзе пісьменніцы плаціць падатак з гэтых грошай, і адсачыў, як трацілі грошы іншыя лаўрэаты.

Як распавялі ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах, па агульным правіле Нобелеўская прэмія падлягае падаткаабкладанню.

«Калі падатковы рэзідэнт (чалавек павінен жыць у Беларусі больш за 183 дзён за год) на працягу каляндарнага года атрымаў даход, то ў наступным годзе да 1 сакавіка ён павінен перадаць у падатковы орган дэкларацыю. Да 15 мая неабходна заплаціць падатак, — растлумачылі ў МПЗ. — Пры гэтым існуе шэраг ільгот і вылічэнняў: стандартнае вылічэнне, маёмаснае вылічэнне і іншыя. Акрамя таго, у пісьменніка ёсць прафесійнае вылічэнне. У кожным канкрэтным выпадку падатковы орган зыходзіць са становішча плацельшчыка».

Памер Нобелеўскай прэміі ў даляравым эквіваленце з-за дэвальвацыі шведскай кроны паменшыўся і ўпершыню за 15 гадоў лаўрэаты атрымаюць менш за мільён даляраў.

Адзначым, у Расіі прадугледжана вызваленне ад падаткаў на Нобелеўскую прэмію. У Беларусі стаўка падаходнага падатку цяпер роўная 13%. Таму калі падатак будзе вылічаны, то ў казну пісьменніцы прыйдзецца аддаць каля 126 тысяч даляраў.

Дарэчы, па беларускіх законах вызваліць Святлану Алексіевіч ад выплаты падатку ў казну можа прэзідэнт. У артыкуле 43 Падатковага кодэкса сказана: «Ільготы па падатках, зборах (пошлiнах) плацельшчыкам індывідуальна падаюцца ў выглядзе, парадку i на ўмовах, якiя вызначаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь. Прадастаўленне індывідуальных падатковых ільгот юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам не дапускаецца».

У сваім інтэрв'ю сайту kp.by Святлана Алексіевіч распавяла, што прэмія дасць ёй магчымасць працаваць: «Ведаеце, у Мінску нямала людзей, у якіх па некалькі мільёнаў даляраў. Чаму ўсіх так узрушыў мільён (смяецца)? Я на грошы купляю толькі свабоду, кожную кнігу пішу вельмі шмат гадоў: ад 5 да 10 гадоў, уяўляеце, колькі трэба грошай? Пражыць 10 гадоў: ездзіць, сустракацца з людзьмі, спецыялістамі, камп'ютаршчкамі. Гэта ж вялізная сума грошай! І я рада, што цяпер мне ёсць на што купляць свабоду. Цяпер я буду сядзець і працаваць, а не думаць, дзе ўзяць сродкі, каб спакойна пісаць».

Як трацілі прэміі Эйнштэйн, Маркес, маці Тэрэза, Гарбачоў і іншыя лаўрэаты

Грошы нобелеўскія лаўрэаты могуць выдаткоўваць на сваё меркаванне. Да прыкладу, вучоны-фізіёлаг Іван Паўлаў, які атрымаў Нобелеўскую прэмію 1904, адкрыў на атрыманыя грошы Інстытут фізіялогіі, якім кіраваў да 1936 года.

Мікрабіёлаг Ілля Мечнікаў, які ў 1908 годзе сумесна з нямецкім доктарам, бактэрыёлагам і біяхімікам Паўлем Эрліхам атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне фізіялогіі і медыцыны, перавёў грошы на развіццё Інстытута Пастэра ў Парыжы.

Жарэс Алфёраў — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы за 2000 год — заснаваў на прэміяльныя Фонд падтрымкі адукацыі і навукі пры Фізіка-тэхнічным інстытуце ім. А Ф. Іофе.

Нямецкі лекар, місіянер, тэолаг і музыказнаўца Альберт Швейцэр, які атрымаў прэмію міру за 1957 год, аддаў грошы на будаўніцтва лепразорыя — медцэнтра па барацьбе з праказай у Габоне. Маці Тэрэза, якая атрымала прэмію міру ў 1979 годзе, выдаткавала прэміяльныя грошы на будаўніцтва прытулкаў для бедных і калядны абед для двух тысяч беднякоў.

Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаіл Гарбачоў, які стаў лаўрэатам прэміі міру за 1990, пералічыў грошы ў дзяржбюджэт, у выніку іх патрацілі на будаўніцтва бальніц.

А вось Альберт Эйнштэйн, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 1921 годзе, перавёў атрыманыя грошы экс-жонцы Мілеве Марыч. Гэта было адным з умоў шлюбнай дамовы, па якой ў выпадку прысуджэння Нобелеўскай прэміі вучоны павінен аддаць грошы жонцы, якая дапамагала яму ў даследаваннях.

Нобелеўскія лаўрэаты расходуюць таксама прэміяльныя на асабістыя патрэбы. Да прыкладу, пісьменнік Міхаіл Шолахаў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1965 года, выдаткаваў сродкі на падарожжа, у тым ліку па Еўропе і Японіі. Зрэшты, частку сумы Міхаіл Шолахаў перавёў на будаўніцтва бібліятэкі і клуба ў Растоўскай вобласці.

Пісьменнік Габрыэль Гарсія Маркес уклаў свае грошы за прэмію 1982 года ў выданне часопіса Revista Cambio, які выходзіў у Калумбіі і Мексіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?