Утварэньне незалежнага Косава выклікала шквал камэнтароў, сярод якіх (гэта прыемна) былі спробы агучыць і беларускае гледзішча.

На жаль, зьмест гэтых выказваньняў больш залежыць ад таго, на якім баку супрацьстаяньня «ўлада—апазыцыя» знаходзіцца камэнтатар, чым ад досьведу Беларусі ў геапалітычных пэртурбацыях. А на чым жа грунтаваць уяўленьне пра інтарэсы Беларусі, калі не на гэтым досьведзе?

Падзеі вакол Косава ня могуць цешыць зь дзьвюх прычынаў: па‑першае, гэта небясьпечны прэцэдэнт перагляду межаў, па‑другое, месца, дзе гэта адбылося, напаўняе факты эмацыйна наймацнейшым сымбалічным сэнсам.

На сымбалічна‑эмацыйным узроўні насельнікаў краю аддзяленьне Косава — гэта як аддзяленьне Вільні ад Беларусі. Падабенства тут нават у тым, што новыя гаспадары — не славяне. Параза сэрбаў выявілася ня толькі ў страце тэрыторыі ды каштоўных эканамічных аб’ектаў, адбыўся глум з нацыянальных пачуцьцяў. Пікнік у Курапатах і зламаная лава Клінтана — вось, што такое косаўская незалежнасьць з гледзішча сэрбаў і, думаецца, іншых славянскіх народаў рэгіёну, калі шукаць для падзеі сучасныя ёй беларускія аналёгіі.

Але абвяшчэньне незалежнасьці — гэта не пікнік. Акрамя сэрбскага, існуе больш, на маю думку, пагрозьлівы, эўрапейскі й сусьветны зьмест. Улічваючы гісторыю рэгіёну — недалёкую, дваццатага стагодзьдзя, — можна параўнаць косаўскую сытуацыю з тым, што было б, калі б у Курапатах, крый Божа, страляць пачалі, калі б на Чарнобыльскай АЭС побач з саркафагам закладалі фундамэнт пад чарговы рэактар старога ўзору, а побач аднавілі б тыя самыя выпрабаваньні, якія выліліся ў векапомную аварыю. Досьвед найбуйнейшай за ўсю гісторыю чалавецтва тэхнагеннай катастрофы стаіць поруч зь Першай сусьветнай вайной, а палітычныя забурэньні на Балканах моцна зьнітаваныя з адчуваньнем агульнаэўрапейскай катастрофы.

Уражвае спакойна‑зьдзеклівае параўнаньне Сэрбіі з тэлефонамі «Нокія» — маўляў, кожная наступная вэрсія танчэйшая за папярэднюю. Цяжка паверыць, што беларус, які паўтарае гэты жарт, памятае ў той момант пра знакамітыя шэсьць паветаў, Рыскую дамову і мяжу каля Койданава‑Дзяржынска, далучэньне й адлучэньне Смаленшчыны й Беласточчыны (пра Віленшчыну казалася вышэй) ды іншыя факты з гісторыі ўласнае краіны.

У мяне няма сантымэнтаў да Сэрбіі, яна ня бачыцца мне нявіннаю ахвяраю і выклікае мала спачуваньня. Я кажу ня столькі пра яе, колькі пра Беларусь. Адкуль у беларуса захапленьне тым, што зноў пачаўся перадзел земляў у самым адчувальным рэгіёне Эўропы? Радасныя пачуцьці з гэткай нагоды — на чым яны грунтуюцца?

Ці павінныя грамадзяне невялікай дзяржавы, сувэрэнітэт якой пэрманэнтна выконвае ролю закладу ў інтэграцыйных гульнях зь вялікім суседам, радавацца, што зусім недалёка іншыя вялікія дзяржавы вырашылі падправіць межы іншай невялікай краіны? Асабіста ў мяне ўдзел Эўрасаюзу ў лёсе Косава выклікае сумневы ў мудрасьці ягоных лідэраў. Калі ж казаць пра іх, эўрасаюзаўскае, стаўленьне да Беларусі, дык цяпер трэба ўдвая сьцерагчыся, каб ня мець на яго лішніх спадзяваньняў. Таньнее ня толькі «Нокія», але й давер да палітыкаў, а гэта — дрэнная прыкмета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?