18.30

Палітыкі не заклікалі людзей прыходзіць на Плошчу ў дзень выбараў.

18.10

Някляеў зазначае, што шэсце скончана. «Дзякуй усім, хто прыйшоў. Акцыя скончана», — кажа ён.

Частка ўдзельнікаў разыходзіцца, частка застаецца на месца. 

18.09

Някляеў запрашае ўсіх памаліцца за Беларусь. Усе бяруцца за рукі і моляцца, чытаюць малітву «Ойча наш».

18:09

Някляеў: «Мы з вамі сёння прайшлі невялікую частку шляху незалежнасці. Наступныя гады будуць вызначальныя. Дзякуй, што вы ёсць, мы будзем тут гаспадарамі».

18.07

«Мы скончылі гэты месячнік свабоды, але мы не скончылі барацьбы, — кажа Статкевіч. — Мы выдзерам гэту ўладу сілком».

«У канцы лістапада — чорная дата. Дзень, калі ў 1996-м Лукашэнка забраў у нас уладу. Мы адзначым гэты дзень», — сказаў Статкевіч

Экс-палітвязень дзякуе тым, хто прыйшоў сёння на шэсце.

18:06

«Выбараў няма, але выбар ёсць. Не быць скотам», — кажа Лябедзька.

Пачынаецца невялікі мітынг на плошчы Якуба Коласа.

18:02

Мікола Статкевіч адмовіўся ацаніць колькасць удзельнікаў шэсця. «Не важна, колькі прыйшло. Галоўнае, што людзі не пабаяліся», — сказаў ён. Побач з ім ідзе Анатоль Лябедзька.

18.00

Галава калоны набліжаецца да плошчы Якуба Коласа.

17.57

Перайшлі праз трамвайныя рэйкі. Ідуць далей.

17.52

Галава калоны дайшла да вуліцы Машэрава. Чакаюць астатніх. Удзельнікі шэсця зацягнулі «Воінаў святла» «Ляпісаў».

17.48

82-гадовы мужчына: «Я ўдзельнічаю ва ўсіх акцыях з 1988 года. Сёння страх, страх, страх паўсюль. Кантрактамі людзей палохаюць, студэнтаў заганяюць на выбары. Нам трэба свабода і прагрэс».

17.44

Галава калоны спускаецца ў падземны пераход на плошчы Перамогі. Частка пераходзіць па пешаходным пераходзе, парушаючы правілы дарожнага руху.

Супрацоўнік ДАІ спыняе машыны. ДАІ настойвае, каб людзі не парушалі правілаў, а спускаліся ў пераход.

17.35

Галава калоны дайшла плошчы Перамогі. У шэсці бярэ ўдзел ад 1500 да 2 000 чалавек.

Людзі таксама нясуць расцяжкі са словамі Святланы Алексіевіч, сказанымі ёй падчас анлайна ў «Нашай Ніве» 8 кастрычніка: «Я хачу, каб Беларусь была падобная да скандынаўскіх краін».

17.33

Галава калоны дайшла да цырка. Больш за 1000 чалавек у калоне.

17.27

У авангардзе калоны ідуць Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч, Уладзімір Някляеў.

Усё адбываецца спакойна і без правакацый. Міліцыя просіць не выходзіць на праезную частку. Прысутнасць міліцыі і спецслужбаў карэктная. У адрозненне ад вулічных акцый, што адбываліся да перадвыбарчай кампаніі, спецслужбы не вядуць навязлівай відэафіксацыі ўдзельнікаў.

17.29

Галава дайшла да Дома прафсаюзаў і спускаецца да вуліцы Янкі Купалы. Машыны, што едуць праспектам, перыядычна сігналяць у знак падтрымкі.

17.25

Калона расцягнулася ад Кастрычніцкай плошчы да ГУМа, колькасць удзельнікаў расце.

«Вельмі хочацца перамен, як спяваў Цой, больш няма чаго дадаць, так усё ясна», — кажа адна жанчына.

Людзі нясуць банер са словамі Алексіевіч: «Я не барыкадны чалавек, але мяне цягне на барыкады, бо сорамна за тое, што адбываецца ў краіне».

Таксама некаторыя людзі трымаюць у руках кнігі беларускага нобелеўскага лаўрэата. «Трэба ж неяк адзначыць прысуджэнне прэміі беларусцы», — кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

17.21

Галава выйшла на праспект Незалежнасці. Машыны сігналяць. З Макдональдса наведнікі фатаграфуюць. Падышлі да акна работнікі рэстарана.

У калоне шмат моладзі, ёсць і пенсіянеры.

17.18

Выйшлі на Леніна і ідуць да праспекта. Скандуюць «Жыве Беларусь». Галава дайшла да Макдональдса, хвост яшчэ на плошчы Свабоды.

Адзін з удзельнікаў кажа, што прыйшоў сюды «каб не выглядаць тварью». «Вы Ляпісаў слухаеце?» — пытае ён карэспандэнта. — «Там усё напісана».

17.15

Шэсце рушыла вуліцай, зараз людзі ідуць да кансерваторыі, збочваюць на Леніна. У калоне каля 700—1000 чалавек. Шмат людзей у цывільным, журналістаў. Многа сцягоў.

17.13

Цяпер на плошчы каля 500—600 чалавек.

17:06

«Воля і свабода не прыходзіць да тых, хто да іх абыякавы, — кажа Някляеў. — Без рашучасці і смеласці свабоды не бывае». Улада палохае нас Украінай, але гэта няпраўда, Украіна не прайграла, яна свабодная.

«За 20 гадоў незалежнасці мы прайшлі не малы шлях. Беларусь ужо не зрынуць са шляху незалежнасці», — кажа Някляеў.

Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, у шаліках. Трымаюць самаробныя плакаты, у тым ліку і са словамі Святланы Алексіевіч. Паміж імі прагульваюцца людзі ў цывільных куртках і шапках.

17.03

Статкевіч вітае, хто ўсіх прыйшоў на сход «Воля народа».

Гэта кампанія ўжо прайграна, кажа ён. У бюлетэнях няма дэмакратычных кандыдатаў. «Мы ж паказваем, што не баімся».

Называе Лукашэнку «Лукой».

«Сёння наша апошняя акцыя. А 24-й гадзіне заканчваецца перадвыбарчая кампанія, якая бараніла вас ад арыштаў. Сёння мы завяршаем наш месячнік свабоды», — кажа Статкевіч.

17.01

Статкевіч таксама заяўляе, што на выбары ісці не варта. «Выбару няма, хоць улада і паклапацілася пра свайго кандыдата для кожнай часткі электарату».

16.57

Людзі задаюць пытанні Статкевічу. Ён кажа, што ўлады проста праводзіць акцыі запалохвання: ездзяць аўтазакі, укідваецца інфармацыя пра вадамёты.

Статкевіч: «На заўтра нічога не плануем. Кандыдаты нічога не плануюць. Навошта ісці?».

16.55

Прыйшоў Мікола Статкевіч. Зараз на плошчы Свабоды каля 200 чалавек, многа журналістаў.

«Сёння праходзіць маральная акцыя барацьбы», — кажа Статкевіч. 

16:54

Някляеў зазначае, што на выбары ісці не варта. «Паглядзіце, колькі гоняць людзей на датэрміновае, усё вырашаецца на ім»

16.51

Някляеў крытыкуе будучае рашэнне ЕС зняць санкцыі з Лукашэнкі і яго атачэння.

«Як гэта так, кажа ён, забыцца на ўсё тое, што ён усё зрабіў за ўсе гэта?»

На пытанне, ці плануюцца нейкія акцыі на нядзелю і панядзелак, Някляеў кажа: «Акцыі трэба планаваць, калі ты нешта можаш прапанаваць. Грамадства запалоханае. Нас палохаюць новым майданам. Людзі думаюць, што ў іх галовы, а насамрэч, у іх на галовах тэлевізары. Мала народа ходзіць на такія акцыі».

16.46

Прыйшоў Уладзімір Някляеў. Кажа, што плануецца кароткі сход, а затым шэсце. «Выбары ўжо адбыліся, — кажа ён. — Пытанне, колькі Лукашэнка набярэ галасоў. Нашы высілкі, каб людзі не хадзілі на выбары, не далі плёну. Улады ўключылі рэсурс, каб гнаць на выбары».

«Нас чакае складаны час пасля 11 кастрычніка, самы складаны час за ўвесь час існавання», — зазначыў ён.

Мы не будзем сёння канфліктаваць з уладай, дадаў ён. 

«Ад самага пачатку мы былі за дыялог з Еўропай», — сказаў ён. «Мы за тое, каб Беларусь была ў Еўропе, а не Лукашэнка».

16.43

На плошчы Свабоды паціху збіраюцца людзі.

16.39

Прыйшоў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Павел Севярынец. Ён сказаў, што выступае за свабодныя выбары і кажа, што яна па форме будзе праходзіць як шэсце пад нацыянальным сцягам і па змесце «за свабодныя выбары». Ён кажа, што плануецца кароткі мітынг, а затым шэсце.

16.34

Пакуль на плошчы Свабоды некалькі чалавек, стаяць людзі ў цывільным. Ёсць некалькі турыстаў, фатаграфуецца вяселле.

Аўтобусы з курсантамі міліцыі ў цэнтры горада

Аўтобусы з курсантамі міліцыі ў цэнтры горада

* * *

Правядзенне акцыі было анансавана падчас пікета супраць стварэння расійскай авіябазы 4 кастрычніка.

«Пакажам сваё стаўленне да iхняга балагану, — заклікаў Статкевіч. — Холадна не будзе, доўга гаварыць пра даўно зразумелае не выпадае. Лепей пройдзем па горадзе да плошчы Якуба Коласа з нацыянальнымi сімваламi», — напісаў ён.

Дарэчы, гэта ўжо чацвертая акцыя ў Мінску, што ладзіць экс-палітвязень Мікалай Статкевіч пасля свайго вызвалення з турмы 22 жніўня.

Ён правёў, разам з Уладзімірам Някляевым і Анатолем Лябедзькам, сустрэчы з народам 10 верасня каля ГУМа і 23 верасня на плошчы Свабоды, а таксама 4 кастрычніка — на плошчы Свабоды супраць расійскай авіябазы (суарганізатарамі выступілі Аляксей Марачкін і Вячаслаў Сіўчык). Падчас усіх акцый на арганізатараў былі складзеныя пратаколы супрацоўнікамі міліцыі, прайшлі суды і прызначаныя вялікія штрафы.

Арганізатары даказваюць, што яны маюць права арганізоўваць пікеты ў рамках выбарчай кампаніі не ўзгадняючы з уладамі.

Улады патрабуюць узгаднення, прытым што за апошнія 5 гадоў яны ні разу не дазвалялі апазіцыі сабрацца ў цэнтры сталіцы.

За апошнюю акцыю Статкевіч, Лябедзька і Някляеў атрымалі штрафы ў 9 млн рублёў, Сіўчык — у 10 млн 800 тыс. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?