«Мы канстатуем, што скрыні для датэрміновага галасавання з'яўляюцца абсалютна не абароненымі ад фальсіфікацый», — заявіў адзін з каардынатараў кампаніі назірання «Права выбару — 2015» Дзяніс Садоўскі 10 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 

фота Алеся Пілецкага

фота Алеся Пілецкага

«Нашы назіральнікі кожны дзень па 100—150 скаргаў пішуць толькі на тое, што ў абед або ноччу памяшканні, дзе знаходзяцца скрыні, не апячатваюцца. У большасці сваёй у памяшканні знаходзіцца міліцыянер, які з'яўляецца асобай паднявольнай», — сказаў ён. 

Садоўскі таксама паведаміў, што назіральнікі кампаніі фіксуюць «масавае прымушэнне» да датэрміновага галасавання. «Гэта фіксуецца амаль усюды, дзе такое прымушэнне можна арганізаваць. Фактычна мабілізуецца ўвесь адміністрацыйны рэсурс для аказання такога націску на грамадзян. Усіх, каго можна мабілізаваць на датэрміновае галасаванне (каго — пагрозамі, каго — задобрываннем або абяцаннямі), заганяюць на выбарчыя ўчасткі. Такія факты фіксуюцца дзясяткамі або нават сотнямі», — адзначыў ён. 

Таксама Садоўскі паведаміў аб маніпуляцыях з яўкай выбаршчыкаў. «Гэта мы ў меншай ступені фіксуем на ўчастках, дзе праводзім назіранне. Па такіх участках разыходжанне паміж звесткамі, якія даюць нашы назіральнікі, і звесткамі камісій, складаюць па краіне ў сярэднім 5%, у Мінску — 9%, — сказаў ён. — Але на суседніх участках, дзе нашых назіральнікаў няма, яўка зашкальвае. Там улады не спрабуюць арганізаваць нават бачнасць прыходу людзей на ўчасткі, а проста прыпісваюць неабходную лічбу, якую ім спускаюць зверху. Яўка на такіх участках у параўнанні з яўкай на ўчастках, дзе мы назіраем, разыходзіцца прыкладна на чвэрць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?