Сёньняшняе рашэньне Рады ЭЗ аб прыпыненьні на 4 месяцы санкцыяў адносна Беларусі «Свабода» папрасіла пракамэнтаваць былога палітвязьня, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколу Статкевіча. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Статкевіч: Гэта даўно чаканае рашэньне. Я бачыў гэта па настроях дыпляматаў і эўрапейскіх палітыкаў. Гэта рэакцыя напалоханых людзей, якія вырашылі ахвяраваць сваімі каштоўнасьцямі ў дачыненьні да Беларусі.

Гэтае рашэньне абцяжарыць шлях Беларусі да дэмакратыі. Гэта павінны зрабіць самі беларусы, і яны даўно зрабілі б гэта лёгка і спакойна, але Лукашэнка знаходзіцца на ўтрыманьні Расеі. Дзеля свабоды і дэмакратыі давядзецца рызыкаваць.

Лукашэнка ўвесь час даводзіць, што свабода і дэмакратыя — толькі словы і іх нідзе няма, у тым ліку ў Эўропе і ў ЗША. Мы ж сваімі ўчынкамі, сваімі жыцьцямі даводзім, што гэта найвышэйшыя каштоўнасьці, за якія можна плаціць любы кошт.

Сёньня да Лукашэнкі далучыліся прадстаўнікі эўрапейскіх краінаў, якія ўсталі побач з Лукашэнкам і сказалі — каштоўнасьцяў, на якіх пабудаваныя нашы краіны, у дачыненьні да Беларусі няма. Але гэта ня спыніць нашую барацьбу за гэтыя каштоўнасьці, бо мы ў іх верым і будзем верыць.

РС: А чым практычна гэтае рашэньне ўскладніць жыцьцё беларускай дэмакратыі? Ну атрымае Лукашэнка і ягоныя паплечнікі права езьдзіць у Эўропу. І на што гэта паўплывае?

Статкевіч: Людзі выходзяць на Плошчу дзеля свабоды і дэмакратыі, дзеля справядлівасьці. Яны рызыкуюць усім. А лідэры краінаў, якія ўвасабляюць гэтыя каштоўнасьці, даюць ім сыгнал — Лукашэнка мае рацыю, для вас гэтых каштоўнасьцяў няма.

У практычным пляне гэта азначае, што спадару Лукашэнку дадуць танны крэдыт на «рэформы». А ён іх скарыстае, каб запабегчы рэформы. Бо ніякіх рэформаў пры ім быць ня можа.

Марныя спадзяваньні, што яны разьвернуць яго ад Расеі. Дагэтуль і назаўсёды галоўным донарам Лукашэнкі зьяўляецца Расея, Крэмль, Пуцін. Яна плацяць яму 10 мільярдаў даляраў у выглядзе энэргетычных датацыяў. Такога ня дасьць ніхто. На гэтыя грошы ён аплачвае страты, якія прыносіць ягоны эканамічны калгас, трымае самую вялікую паліцыю ў сьвеце паводле колькасьці на душу насельніцтва, аплачвае 8 спэцслужбаў. Пуцін цяпер усьміхаецца і шчасьлівы. Калі яму падасца, што Лукашэнка загуляўся, ён скажа яму чароўнае слоўца — сусьветныя кошты на газ і нафту, і на наступны дзень Лукашэнка будзе стаяць на каленях ля Крамля. Гэта памылковае і амаральнае рашэньне.

Але ў ім ёсьць маленькая практычная карысьць. 4 месяцы спадар Лукашэнка мусіць узважваць дзеяньні сваіх шматлікіх сілавых структураў, стрымліваць іх, як гэта было апошні месяц. Гэта стварае «акно магчымасьцяў», якім мы можам скарыстацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?