Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Марк Тонар заявіў, што міжнародныя назіральнікі адзначылі «сур’ёзныя праблемы» падчас галасаваньня 11 кастрычніка, па выніках якога дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка з больш як 83 адсоткамі галасоў выбаршчыкаў быў пераабраны на пяты тэрмін.

Праблемы, па словах прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, былі зьвязаныя зь немагчымасьцю міжнародных і мясцовых назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў. Акрамя таго, Тонар заявіў пра амаль поўную адсутнасьць прадстаўнікоў апазыцыі або незалежных назіральнікаў у выбарчых камісіях.

«Свабодная і незалежная прэса, прастора для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і працы апазыцыйных партыяў, а таксама поўны доступ міжнародных і ўнутраных назіральнікаў маюць важнае значэньне для забесьпячэньня свабодных і справядлівых выбараў», — адзначыў Тонар.

Аляксандар Лукашэнка быў пераабраны ў пяты раз у ходзе галасаваньня 11 кастрычніка. Апазыцыя назвала выбары «спэктаклем» і заявіла, што не прызнае іх вынікаў. Афіцыйныя зьвесткі аб выніках выбараў ЦВК мае абвясьціць 16 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?