Палёт з Мінска ў Пхеньян на пасажырскім самалёце Ту-154 намечаны на пачатак мая 2016 года. Рэйс будзе разавым, а не рэгулярным. Пра гэта паведамілі ў турыстычнай кампаніі «Мерлінтур», якая арганізуе паездку.

Пра тое, што вясной 2016 сталіцы Беларусі і Паўночнай Карэі звяжа прамы авіярэйс, 13 кастрычніка паведаміла паўднёвакарэйскае інфармагенцтва «Рэнхап». Паводле яго дадзеных, чартэрны рэйс паміж Мінскам і Пхеньянам стане курсіраваць з мая будучага года.
Рэйс паміж беларускай і паўночнакарэйскай сталіцамі сапраўды запланаваны. Аднак ён будзе разавым, удакладніла прэс-сакратар «Белавія» Вольга Шчука.
— Палёт арганізуе адна з турфірм Беларусі, яна ж прадае пуцёўкі. Калі яны будуць рэалізаваныя і арганізатар тура замовіць у нас чартарны рэйс, мы гатовыя яго выканаць.
Арганізацыяй паездкі займаецца турыстычная кампанія «Мерлінтур». Прадстаўнік фірмы Ірына Баранава пацвердзіла, што гаворка ідзе пра разавы, а не рэгулярны рэйс.
— Мы замаўляем у «Белавія» чартэрны рэйс па маршруце Мінск — Пхеньян — Мінск, — распавяла суразмоўца. — Для Паўночнай Карэі гэта не першы падобны тур. У іх ёсць адпрацаваная схема, яны ведаюць, куды павязуць турыстаў.
Пакуль рана казаць пра тое, наколькі добра ідуць продажы пуцёвак, паколькі да самай паездкі яшчэ больш за паўгода, дадала Ірына Баранава.
— У нас дзве мэтавыя аўдыторыі. Першая — аматары авіяцыі з усяго свету. Мы адпраўляем іх на легендарным Ту-154. Акрамя таго, у Паўночнай Карэі шмат савецкай авіяцыйнай тэхнікі, якая знаходзіцца ў вельмі добрым стане. Другая мэтавая аўдыторыя — беларусы, расейцы, украінцы, якім цікава акунуцца ў атмасферу Савецкага Саюза 50-х гадоў, якую яшчэ захавала Паўночная Карэя.
Каментары