Алесь Міхалевіч |
У панядзелак судзьдзя Савецкага суду Менску Аляксей Таманаў адхіліў пазоў палітыка Алеся Міхалевіча да газэты «Советская Белоруссия» і яе журналіста Арцёма Чалядзінскага, пад гэтым псэўданімам хаваўся галоўны рэдактар выданьня Павал Якубовіч.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч зьвярнуўся ў суд пасьля таго, як 11 студзеня 2008 году ў газэце «Советская Белоруссия» быў надрукаваны артыкул Арцёма Чалядзінскага «Крутой мираж». Сярод іншага аўтар артыкула сьцьвярджаў: «Яны (індывідуальныя прадпрымальнікі — ЗП), у большасьці сваёй простыя і добрыя людзі, якія не дасьведчаныя ў тым, што ў нас называецца тонкім словам «палітыка». Таму яны шчыра думаюць, што Міхалевіч-Мілінкевіч, якія ў жыцьці ня вырасьцілі і тым больш не прадалі ніводнага вядра бульбы, рэальна дапамогуць ім у спэцыфічных прадпрымальніцкіх праблемах».
Алесь Міхалевіч палічыў што гэты артыкул ганьбіць ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю і запатрабаваў «Советскую Белоруссии» абвергнуць на сваіх старонках непраўдзівыя зьвесткі пра яго, а таксама выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 6160 рублёў — столькі каштуе ў ГУМе новае вядро для бульбы.
Працэс пачаўся 14 сакавіка. Прадстаўніца «СБ» Вольга Раманава сказала, што «вобраз, ужыты Якубовічам, адлюстроўвае ацэнку аўтарам магчымасьці дапамагчы прадпрымальнікам у вырашэньні іх спэцыфічных праблем».
У судзе прадстаўніца газэты запыталася ў сп. Міхалевіча, ці не зьяўляецца ён фігурантам справы з фальшывым накладам газэты «СБ» у сакавіку 2006 году. Міхалевіч заявіў, што гэта ня мае ніякага дачыньня да справы. На гэта палітык пачуў: «Значыць, маеце. Ці ня хочаце Вы такім чынам сябе рэабілітаваць». Міхалевіч адказаў, што не.
Сам Павал Якубовіч на суд не зьявіўся. Рашэньне можа быць абскарджана цягам 10 дзён у Менскім гарадзкім судзе.