Жанр: фантастыка, прыгоды
Рэжысёр: Рыдлі Скот
У ролях: Мэт Дэйман, Джэсіка Чэстэйн, Кірстэн Уіг, Джэф Дэніэлс, Майкл Пенья, Шон Бін, Кейт Мара, Себасцьян Стэн, Аксэль Хені, Чыветэль Эджыафор
ЗША, 141 хв.
Адзнака: 8,5

Марсіянская місія «Арэс-3» амаль на самым пачатку сваёй працы вымушаная экстранна пакінуць планету з-за пясчанай буры. Падчас эвакуацыі інжынер і батанік Марк Уотні пашкодзіў скафандр і страціў прытомнасць. Супрацоўнікі місіі, палічыўшы яго загінулым, эвакуяваліся з планеты, пакінуўшы Марка аднаго.

Ачуняўшы, Уотні выяўляе, што сувязь з Зямлёй адсутнічае, але пры гэтым цалкам функцыянуе жылы модуль. Паранены, але жывы, галоўны герой пачынае шукаць спосаб пратрымацца на наяўных запасах ежы, вітамінаў, вады і паветра яшчэ 4 гады да прылёту наступнай місіі «Арэс-4».

Сцэнар для стужкі стварыў Дру Гадард, 50 старонак яго складаюць матэрыялы NASA. Місія на Марс, апісаная ў фільме, з’яўляецца імітацыяй рэальнай місіі, якую ўпраўленне плануе ў будучыні. «Прычына, па якой у NASA так задаволеныя кнігай, а таксама глядзелі фільм двойчы — навуковыя апісанні ў ім даволі дакладныя. Усё, што робіць герой, сапраўды дапамагло б яму выжыць», — паведаміў рэжысёр Рыдлі Скот.

Здымкі фільма праходзілі ў пустэльні Вадзі Рам у Іарданіі. Фільм насамрэч уражвае. Падзеі апісваюцца дынамічна, большасць з іх адбываецца ў экстрэмальных умовах, дзе любая памылка можа быць фатальнай. Насычанасць і навуковая дакладнасць, просты гумар і апеляванне да чалавечых каштоўнасцяў робяць стужку цікавай для кожнага гледача.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?