Вядомаму беларускаму музыку, дзеячу нацыянальнага Адраджэння 2 кастрычніка споўнілася б 50 гадоў.

У вечарыне памяці возьмуць удзел барды Аляксей Галіч, Андрэй Мельнікаў, Аляксей Чумакоў, Зміцер Бартосік і іншыя выканаўцы і гурты.

Мерапрыемства пачнецца ў мінскай Галерэі Ў а 19-ай гадзіне. Уваход вольны.

Зміцер Сідаровіч - вядомы беларускі музыка, дудар, паэт, арганізатар шматлікіх культурніцкіх мерапрыемстваў і праектаў. Нарадзіўся 2 кастрычніка 1965 года ў Мінску.

У трынаццацігадовым узросце пачаў пісаць песенныя тэксты. Па-беларуску пачаў пісаць у 1984-м, пасля паездкі на Падляшша.

У 1982-м заканчвае сярэднюю школу № 121 і паступае на будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту, дыплом па заканчэнні якога атрымлівае ў 1987 годзе. Потым – аспірантура і абарона дысертацыі. У 1992 годзе становіцца кандыдатам тэхнічных навук.

У 1991 годзе стварыў этна-рок-гурт «Камэлот». Потым граў у гуртах «Гаспадары з-пад Вільні» (2000) і «Стары Ольса» (2002).

У 2008 годзе заснаваў капэлу «На таку», якая ладзіла вечарыны традыцыйнага танцу. У апошні год жыцця займаўся адраджэннем беларускай застольнай музыкі.

Зміцер Сідаровіч быў не толькі вядомым музыкам, але займаўся і літаратурнай дзейнасцю. Выдаў кнігу вершаў «Тры жалуды», стаў укладальнікам даведніка «Вялікія музыкі 20 стагодздзя».

У апошнія гады Зміцер пачаў запісваць і выдаваць музыку для дзяцей. Прадзюсар «Дзіцячага альбому. Том І» (2010) і «Дзіцячага альбому. Том ІІ» (2012), у якіх удзельнічалі яго сын Тамаш і сын спявачкі Таццяны Грыневіч Адась.

Да апошняга дня працаваў па спецыяльнасці вядучым інжынерам ЗАТ «Белпраектстальканструкцыя».

Памёр 17 траўня 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?