У Мінску плануецца знесці 30% плошчаў сядзібнай забудовы, паведаміў журналістам 14 кастрычніка на прэзентацыі карэкціроўкі Генеральнага плана Мінска галоўны архітэктар УП «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў.

«Дзейным генеральным планам запланаваны аб'ём складае: 70% — знос, 30% — захаванне. У новай рэдакцыі генеральнага плана мы па сутнасці атрымалі адваротную прапорцыю: 30% — магчымы знос, 70% — захаванне», — сказаў архітэктар.

Паводле яго слоў, генеральны план «не вызначае кожны дом і кожны раён, лёс кожнага квартала сядзібнай забудовы». «Гэтая праца патрабуе скрупулёзнага горадабудаўнічага аналізу выконваецца на наступнай стадыі — дэталёвае планаванне. На гэтай стадыі і вызначаецца лёс канкрэтнай сядзібы і канкрэтнага жыхара, канкрэтныя межы зносу», — зазначыў Акенцьеў.

«Мінчане, з якімі мы вядзём дыялог пра будучыню развіцця Мінска, вельмі балюча перажываюць наконт забароны ім якіх-небудзь форм па ўтрыманні дома ў належным парадку. Гэта выклікае вялікае перажыванне. Мы напрамую да гэтага недатычныя, але лічым мэтазгодным наступнае: калі на працягу пяці гадоў знос плануецца, то дазваляць стварэнне камфортных санітарных умоў (ванна, душ, уборная ўнутры дома). Калі тэрмін зносу вызначаны ў 10—15 гадоў, то можна дазволіць жыхарам зрабіць рэканструкцыю сваіх дамоў і стварыць для сябе ўзровень дабрабыу. Гэтыя пытанні мы будзем абмяркоўваць з адміністрацыямі раёнаў», — сказаў Акенцьеў.

На пытанне аб магчымым зносе Сельгаспасёлка ён адказаў: «Сёння працуе камісія, і канчатковае рашэнне адносна лёсу гэтага раёна будзе прынятае, над гэтым яшчэ працуем».

Спецыяліст зазначыў, што «сучасны ўзровень развіцця горада прадуглежвае знос часткі сядзібнай забудовы». Паводле яго слоў, сёння ў Мінску на 22% тэрыторыі знаходзяцца кварталы сядзібнай забудовы, а там жывуць 3,9% жыхароў. «Для Мінска гэта вельмі затратны від забудовы. Як правіла, у такіх гарадах, як Мінск, толькі вельмі багатыя гараджане могуць дазволіць сабе пражыванне ў гэтых раёнах. У нас жа ў многім небагатыя мінчане ў іх жывуць, і стан дамоў не вельмі добры. Мы прапаноўваем сядзібную забудову весці ў непасрэднай блізкасці да горада», — зазначыў галоўны архітэктар.

Ён прывёў прыклад. У Мінскім раёне шчыльнасць насельніцтва ў некаторых населеных пунктах складае 5 чалавек на га, а па горадабуднічых нормах павінна быць 22—25 чалавек. «Калі мы будзем рэканструяваць гэтыя сельскія населеныя пункты і пабудуем з камфортам, з сеткамі, то можна будзе размясціць там да 100 тыс. жыхароў. Гэта каласальны патэнцыял», — мяркуе эксперт.

***

Азнаёміцца з экспазіцыяй і іншымі матэрыяламі генеральнага плана Мінска можна ў перыяд з 12.10.2015 па 05.11.2015 (з панядзелка па пятніцу — з 14.00 да 18.00, у суботу і нядзелю — з 10.00 па 15.00) у будынку УП «Мінскграда» па адрасе: г.Мінск, вул. Камсамольская, 8, 2 паверх, каб. 204.

Заўвагі і прапановы будуць прымацца ў перыяд правядзення грамадскага абмеркавання пісьмова ў кнізе заўваг і прапаноў з 14.00 да 18.00 па вышэйпазначаным адрасе, а таксама праз паштовую сувязі і электронную пошту (e-mail: [email protected]).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?