Альбом рыхтавалі амаль 2 гады. Repeat стаў нагодай паспрабаваць тое, што гурт HURMA раней не рабіў: запрасіць сесійных музыкантаў, пашукаць прадзюсара альбома, запісаць хор, папрацаваць у студыі з запрошанымі бэк-вакалістамі, паведамляе tuzin.fm.
«За грошы, укладзеныя ў дыск, можна было б набыць неблагую машыну. Але я рады, што альбом выйшаў, задаволены тым, якім ён атрымаўся. Цяпер мы прадаём дыскі, рыхтуем серыю выступленняў па Беларусі на курсах «Мова Нанова», а затым вялікі сольны канцэрт-прэзентацыю ў Мінску. Яна пройдзе 27 лістапада ў новым беларускамоўным клубе «Пляцоўка Хол»», — распавядае саліст гурта Мікіта Найдзёнаў.
10 фактаў пра альбом Repeat:
- Прыпеў песні «Птушка» – варыяцыя верша У.Някляева «Пералётная птушка зламала крыло аб драты…». Някляеў у курсе.
- У песні «Сэрца мільёнаў» спявае хор, створаны з сяброў ды прыхільнікаў гурта.
- Рыф песні «Вуду» нагадвае песню «This love» гурта Maroon 5. Таму між сабой музыканты свой трэк называюць Maroon 5.
- Палова песень з альбома гучыць у танальнасці до дзіез мінор. Важная інфармацыя.
- Гітарыст Brutto Павел Трацяк узяў удзел у запісе дзвюх песень. Прычым у адной зайграў яшчэ на басе.
- «Я кожны твой харэй» – адсылка да верша А.Сыса, які пераспяваў гурт Bosaesonca.
- На сола ў песні «Я буду побач» было зроблена каля 20 дубляў. Але потым гэтае сола прыбралі з песні.
- Назву альбому прыдумала паэтка Аліса Мініна.
- На запісе песні Полі выкарыстоўваўся інструмент клавэ.
- Вакал песні «У цішыні» быў запісаны ўсяго за адну сесію.