Прафэсар Павал Церашковіч пракамэнтаваў карэспандэнту радыё «Свабода» заяву рэктара ЭГУ Дэвіда Поліка з крытыкай апазіцыі.

«Па-першае, я думаю, Полік проста агучвае чужыя словы. І, хутчэй за ўсё, гэта словы Анатоля Міхайлава адносна і беларускай апазыцыі, і беларускай культуры. Там канстатуецца, што нібыта тут стагнацыя адбываецца. Але калі Полік ня ведае ні расейскай, ні тым больш беларускай мовы, як ён наагул можа разважаць пра становішча беларускай культуры?

Па-другое, разважаньні адносна таго, як трэба будаваць дэмакратыю, — за гэта, канечне, вялікі дзякуй. Але вось Полік далёка сам не дэмакрат. І калі ўспомніць нядаўнюю гісторыю ЭГУ, то менавіта Полік быў старшынём камісіі, якая пазбавіла працы ў ЭГУ чальцоў сэнату і практычна ўсё кіраўніцтва прафзьвязу. І гэтыя рэпрэсіі працягваюцца і, здаецца, будуць цягнуцца і далей. І вось калі б нешта падобнае зрабіў рэктар беларускага ўнівэрсытэту, то быў бы скандал на ўсю Эўропу, яго б унесьлі ў сьпіс і забаранілі ўезд у ЭЗ. А тут вось чалавек яшчэ кагосьці навучае дэмакратыі.

Ну, і адносна таго, што ніхто не разглядае вяртаньня ЭГУ на радзіму, — я ня ведаю, а ці былі заявы ці пажаданьні на радзіму вярнуцца? Наколькі я ведаю, такіх заяў з боку кіраўніцтва ЭГУ не было».

Мілінкевіч: Поліку непрыстойна столькі аналізу прысьвячаць сытуацыі ў Беларусі, якую ён не разумее

Камэнтуючы заяву рэктара ЭГУ Дэвіда Поліка, дзе той сярод іншага крытыкуе беларускую апазыцыю, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў яго «згублена апошняя надзея на тое, што ўнівэрсытэт будзе вяртацца да беларускасьці».

«Я ўдзельнічаў у невялікай канфэрэнцыі, на якой павінна была быць прадстаўлена місія і канцэпцыя ЭГУ пасьля абраньня Дэвіда Поліка рэктарам. Там выступаў і Міхайлаў, і сам Полік, удзельнічаў Станіслаў Шушкевіч, я і многія іншыя. Я скажу маё ўражаньне — у мяне згублена апошняя надзея на тое, што ўнівэрсытэт будзе вяртацца да беларускасьці, пра якую гаварыла шырокая грамадзянская супольнасьць. У тым ліку падпісвала ліст і Алексіевіч. Вельмі шкада, бо праект сапраўды для Беларусі выключна важны.

Поліку, я лічу, проста непрыстойна столькі аналізу прысьвячаць сытуацыі ў Беларусі, якую ён, безумоўна, не разумее. Можна крытыкаваць апазыцыю, я сам яе крытыкую. І я самакрытычны да сябе. Але ён так і не разумее, якое вялікае значэньне мае гэты ўнівэрсытэт у гісторыі Беларусі. Гэта не чарговы каледж, гэта эўрапейскі гуманітарны, але павінен быць беларускі ўнівэрсытэт. Шкада, што ўнівэрсытэт пачынае дрэйф канчаткова ад Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?