Нечакана пафасная рэакцыя рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Дэвіда Поліка на вынікі выбараў у нашай краіне, безумоўна, мае свае прагматычныя і асабістыя падставы — імідж ЕГУ ў Беларусі ўпаў ніжэй за плінтус, сувязяў з грамадзянскай, акадэмічнай і інтэлектуальнай супольнасцю Беларусі, акрамя скандальных, няма, набор у гэтым годзе правалены (не набралі нават заўжды запатрабаваных турыстаў і юрыстаў), фінансаванне скарочана. Такія вынікі кіравання новага рэктара не могуць не хваляваць донараў, і кіраўніцтву ЕГУ трэ’ было неяк заявіць аб сваім існаванні.

Але ж спроба заявіць аб існаванні выйшла ў фірмовым ЕГУшным стылі — ізноў банальна-скандальна: Лукашэнка — тыран, апазіцыя – неэфектыўная, грамадзянская супольнасць смокча грошы і нічога не робіць, Алексіевіч і ЕГУ — апошнія надзеі Беларусі, якіх не шануе ні апазіцыя, ні грамадзянская супольнасць, ні ўлады…

Дарэчы, у закідах да ўладаў відавочны крызіс існавання ЕГУ ў Вільні. Для донараў ён цяпер як чамадан без ручкі — і несці цяжка, і кінуць шкада (дзясяткі мільёнаў даляраў не могуць памыляцца).

Праўда, Полік не сказаў, колькі з падлічаных ім мільёнаў пайшло на падтрымку ЕГУ за час яго існавання. А гэта было б вельмі цікава: колькі патрабуе маленькі Давыд на сваю барацьбу з вялікім Галіяфам?

Але ж тут узнікае больш радыкальнае пытанне — навошта сёння ЕГУ Беларусі (як афіцыйнай, так і дэмакратычна арыентаванай), у прынцыпе?

Для ўладаў гэта перш за ўсё фінансавыя страты (ва ўмовах эканамічнага крызісу свае ўніверсітэты няма за што падтрымліваць) і нежаданая канкурэнцыя за абітурыентаў (колькасць абітурыентаў скарачаецца і будзе скарачацца ў наступныя гады).

Пры гэтым ЕГУ, канечне, слаўны, але ж не столькі навуковым і акадэмічным узроўнем (у рэйтынгах ён недзе каля 3000), колькі сваёй палітызаванасцю. І калі раней ЕГУ быў адзіным універсітэтам, які ўваходзіў ў Балонскі працэс, то цяпер, пасля далучэння сістэмы адукацыі Беларусі да Еўрапейскай адукацыйнай прасторы, гэта ўжо не актуальна. Дык ці трэба ў ЕГУ ўкідаць грошы, можа лепей ў БДУ, які ўсё ж такі ўваходзіць ў 500 найлепшых устаноў свету?

Для дэмакратычнай супольнасці ЕГУ ўжо даўно не з'яўляецца «аднім з найбольш паспяховых дэмакратычных праектаў у Беларусі за апошнія 25 гадоў». Аб гэтым сведчыць не толькі шэраг звальненняў іншадумцаў (ад Сіліцкага да Церашковіча) і разгон дэмакратычна абранага Сената і прафсаюза (дарэчы, унікальная для ўсёй постсавецкай і еўрапейскай прасторы справа!), непразрыстыя выбары рэктара Поліка, але ж і самі студэнты ЕГУ.

Паводле аднаго з апошніх студэнцкіх даследаванняў, на пытанне «Ці можеце Вы назваць сябе чалавекам з актыўнай грамадзянскай і палітычнай пазіцыяй?» станоўча («так») адказалі 9% студэнтаў ЭГУ, адмоўна («не») — 19%. Не сакрэт і тое, што кіруе ЕГУ такі ж нязменны, як спадар Лукашэнка, спадар Міхайлаў, які сядзеў ў крэсле рэктара з 1992 года (на 2 гады больш за Лукашэнку), а цяпер стаў шэрым кардыналам ЭГУ (гэта відавочна па змесце звароту Поліка — знаёмы снабізм і цынічны недавер да беларускай супольнасці). Дык што можа прынесці ЕГУ Беларусі ў плане яе дэмакратызацыі — практыкі звальненні іншадумцаў? Непразрыстыя выбары? Студэнтаў-канфармістаў? Нязменных рэктараў? Спадар Поллік, у нас ўсё гэта ўжо ёсць!

Падсумоўваючы, адзначу, што гэты зварот больш нагадвае крык адчаю аб дапамозе, але ж да каго ён — да Галіяфа? Няўдзячных Давыду яўрэяў? Самога да сябе? Вось такая іронія…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?