У Беларусі ўжо шмат гадоў існуе праблема з запісам для падачы дакументаў на візу ў пасольства найбліжэйшых заходніх суседзяў — Польшчы і Літвы. Naviny.by высветлілі, ці змянілася сітуацыя з адкрыццём візавага цэнтра Літвы, і склалі свайго роду інструкцыю для наведвальнікаў.

Візавы цэнтр Літвы: усё для зручнасці наведвальнікаў

Запісацца ў візавы цэнтр Літвы аказалася простай справай: у пачатку верасня месцы прапаноўвалі літаральна праз 2—3 дні з моманту звароту. Мяне ж задавальняла больш позняя дата візіту, і я яе атрымала. На электронную пошту мне прыйшоў ліст аб запісе на прыём, які неабходна раздрукаваць і прад'явіць пры наведванні візавага цэнтра.

Запоўніць анкету самастойна нескладана, тым больш што сістэма не захоўвае анкету, калі ў ёй утрымліваюцца памылкі, а аўтаматычна прапануе выправіць няправільныя або запоўніць прапушчаныя палі.

Спецыяліст візавага цэнтра ўручае наведвальнікам бланк згоды на апрацоўку персанальных дадзеных, які можна запоўніць і загадзя, а таксама памятку, у якім парадку неабходна скласці дакументы. У пераліку дакументаў, апублікаваным на сайце візавага цэнтра, не паказаная «копія пашпарта» — яе можна зрабіць самастойна і бясплатна ў візавым цэнтры, тут ўстаноўлены тры ксераксы.

Пры неабходнасці ў візавым цэнтры можна атрымаць шэраг дадатковых паслуг, што на самай справе вельмі зручна. Проста на месцы можна зрабіць фатаграфіі або аформіць страхоўку.

Запоўніўшы згоду на апрацоўку персанальных дадзеных і склаўшы ў патрэбным парадку дакументы, зноў падыходжу да спецыяліста, які ўжо выдае талон электроннай чаргі. Хоць месцаў для чакання ў візавым цэнтры шмат, прысесці не ўдалося — адразу загарэўся мой нумар.

Спецыяліст прымае дакументы, візіцёр запаўняе агенцкую дамову. Усе дакументы на візу пакуюцца ў пластыкавую тэчку. Затым трэба аплаціць консульскі збор і паслугі сэрвіснага цэнтра, на кожную суму выдаюць асобны чэк. Чэргаў няма і ў касу — больш за двух чалавек перад акенцамі не заўважыла.

Для здачу біяметрычных дадзеных трэба зноў атрымаць талон на электронную чаргу.

На рукі наведвальнікі візавага цэнтра атрымліваюць пакет дакументаў: агенцкую дамову, чэкі, копію пашпарта са штампам і інфармацыйны ліст з інструкцыяй аб працэдуры вяртання пашпарта.

Уражанні ад наведвання візавага цэнтра самыя пазітыўныя: персанал ветлівы, усё выдатна арганізавана.

Амбасады звычайна выдаюць пашпарт з візай праз тыдзень. Зварот праз візавы цэнтр, як аказалася, не вядзе да павелічэння тэрміну разгляду хадайніцтва. Роўна праз сем рабочых дзён я забрала пашпарт з візавага цэнтра, папярэдне паглядзеўшы на сайце статус заявы. У канверце акрамя пашпарта ляжала квітанцыя аб атрыманні пасольствам 60 еўра, на самім канверце — напамін, што важна праверыць на візе: тэрмін дзеяння, колькасць выездаў, колькасць дзён знаходжання, напісанне імя і прозвішча, серыю і нумар пашпарта, наяўнасць пячаткі консульства.

Еўра-рублі-еўра

За дзень да наведвання візавага цэнтра Літвы мела клопат абмяняць 60 еўра на беларускія рублі. Вядома, ёсць людзі, якія з адной зарплаты могуць зрабіць усё: аплаціць візу, дарогу, жыллё і яшчэ застанецца на шопінг ці забавы. Але большасць з нас да паездак рыхтуецца за 2—3 месяцы, адкладаючы частку заробку. Натуральна, у той валюце, у якой маюць намер выдаткоўваць. І нават цяпер, ведаючы аб аплаце консульскага збору ў рублях, людзі ўсё роўна будуць купляць валюту, бо яна больш надзейная чым «зайчыкі».

Візавы цэнтр Літвы прымае плату за консульскі збор у беларускіх рублях па бягучым курсе, вызначаным «БелСвісБанкам». Я свае 60 еўра абмяняла ў «МТБанку», атрымаўшы 1.188.000 рублёў (калі б мяняла ў той жа дзень у «БелСвісБанку», то атрымала б 1.185.600 рублёў). Аднак у касу візавага цэнтра за консульскі збор давялося ўнесці 1.209.000 рублёў — візавы цэнтр пералічвае па курсе продажу. Такім чынам, на ўсіх гэтых аперацыях страты для мяне асабіста склалі 21 000 рублёў.

Зразумець логіку Нацбанка, па якой грошы за консульскі збор у візавых цэнтрах трэба ўносіць у беларускіх рублях, ніяк не магу. Але, мабыць, нешта застаецца ў нашай казне, калі візавыя цэнтры за нашы рублі зноў купляюць валюту.

Сэрвісны збор візавага цэнтра Літвы складае 18 еўра па курсе Нацбанка Беларусі, а калі неабходна аформіць біяметрычныя дадзеныя, то сума павялічваецца да 20 еўра.

Цэнтры візавай падтрымкі: можна за валюту

Варта было толькі ў пошукавіку пазначыць сваю цікавасць да візаў, як камп'ютар настойліва пачаў прапаноўваць рэкламу так званых цэнтраў візавай падтрымкі. Вырашыла даведацца: а што ў іх новенькага. Напэўна, зараз таксама ўсе зборы ў беларускіх рублях. Аказваецца, не. Хтосьці і на сайтах не саромеецца выстаўляць цану ў еўра, іншыя падчас тэлефоннай размовы ўдакладняюць: «Так-так, у еўра, вы ж разумееце …»

У адной такой кампаніі мяне запэўнівалі, што «літоўцы турыстычную мультывізу зараз не адкрываюць» і прапаноўвалі за 80 еўра зрабіць «дзелавую» візу на паўгода, падаўшы неабходны пакет дакументаў. «Гэта са зніжкай, раней у нас было даражэй, цяпер турыстаў стала менш», — прыцягваў мяне супрацоўнік кампаніі. Да гэтай сумы трэба дадаць яшчэ 80 еўра — за консульскі збор і сэрвісны збор візавага цэнтра.

У іншай фірме мяне нагрузілі лічбамі, сутнасць якіх зводзілася да таго, што калі мне адкрыюць разавую візу на тры дні, то гэта адна сума, а вось калі на 10 дзён, то ўжо іншая. «Слухайце, а вось як вы уплываеце на колькасць дзён? Бо як консул вырашыць, столькі дзён і будзе. Вам за што я павінна плаціць у залежнасці ад колькасці дзён?» — пытаюся. У адказ няветліва паклалі трубку. Праўда, цэны называлі выключна ў беларускіх рублях. Затое сумы вялікія.

У наступнай фірме мяне запэўнівалі, што без іх дапамогі я не змагу запоўніць анкету. Дарэчы, фірма за гэтую паслугу бярэ 120 тысяч супраць 60 тысяч у візавым цэнтры Літвы. Таксама мяне пераконвалі, што без пацверджання броні транспарту пасольства катэгарычна не прыме да разгляду дакументы. Ну і, натуральна, прапаноўвалі забраніраваць авіябілеты ў Вільню.

На самай справе, акрамя пераліку неабходных дакументаў пасольства пакідае за сабой права запатрабаваць дадатковыя дакументы, напрыклад, пацвярджэнне месца пражывання, дакументы на транспарт. Гэта значыць, трэба быць гатовым да таго, што іх могуць запатрабаваць, але зусім не значыць, што без такіх дакументаў вашу заяўку не прымуць да разгляду.

Дарэчы, пры афармленні турыстычнай візы ў анкеце усё роўна неабходна ўказваць гатэль, у якім вы забраніравалі месца. Гэтую інфармацыю консульскай службе праверыць прасцей простага.

Параўнальная табліца кошту паслуг, неабходных для падрыхтоўкі некаторых дакументаў на запыт візы

Таксама ў анкеце ёсць пункт «перадаплочаны транспарт», і каб са спакойнай душой паставіць у ім галачку, трэба мець на руках квіткі. Набыць квіткі загадзя пры паездцы за мяжу — правільнае рашэнне з усіх бакоў.

Аднак выпадак з жыцця — у міжнародных касах Цэнтральнага аўтавакзала адмовіліся прадаць квіток за 25 дзён да выезду, і за 20 дзён таксама. Маўляў, квіткі ў продаж не паступілі. «Гэта ж за мяжу паездка, трэба дагавор заключыць, каб аўтобус прапусцілі праз мяжу», — настаўляла мяне касір.

Дзіўная справа: ёсць рэгулярны расклад, але няма дамовы. Вырашыла абмеркаваць сітуацыю з былым білетным касірам — зараз жанчына на пенсіі. Яна патлумачыла, што на такіх яе былых калег магічна дзейнічае фраза «дайце кнігу скаргаў». Яшчэ адна мая знаёмая савецкай загартоўкі сказала, што «для цябе няма квіткоў, таму што ты не здагадалася прынесці дзяўчынкам шакаладку». Не, «дзяўчынкі» не дачакаюцца: я супраць карупцыі, а ўжо супраць бытавой асабліва.

Менш, чым кошт шакаладкі, аказаўся збор за куплю квітка праз інтэрнэт — там яны чамусьці ёсць. Але пасля вакзальных касіраў для мяне было прынцыпова важным выбраць літоўскага перавозчыка, што я і зрабіла. Дарэчы, і зваротны квіток набыла на літоўскую электрычку: яна таннейшая за нашу. Але гэта лірычнае адступленне.

Акрамя браніравання авіябілетаў згаданая фірма прапанавала мне даведку аб канвертацыі валюты як фінансавую гарантыю для амбасады. Што гэта за даведка такая, спрабавала я даведацца ў кансультантаў некалькіх банкаў, чым, здаецца, моцна іх збянтэжыла. Усе адказы зводзіліся да таго, што банк па патрабаванні кліента выдае для амбасады даведку аб руху грошай па рахунку альбо рэшты на рахунку. Калі гаворка ідзе пра зарплатны рахунак, то пакажуць валютны эквівалент наяўнай сумы. Гэта значыць, пасярэдніку тут няма месца.

А вось даведкі банкаў аб руху грашовых сродкаў каштуюць па-рознаму: 50 тысяч рублёў у «БПС-банку», 75 тысяч — у «МТБанку», 10 даляраў — у «Беларускім народным банку».

Пасля візіту ў візавы цэнтр Літвы і абтэлефаноўкі/перапіскі з так званымі цэнтрамі візавай падтрымкі не дае спакою толькі адно пытанне: чаму арганізацыі, якія працуюць у прававым полі, і іх кліенты маюць нейкія лішнія клопаты з кругаваротам валюты і беларускіх рублёў і чаму няма ніякіх праблем у тых, хто працуе па вельмі сумніўных схемах і прымае ў якасці аплаты валюту?

Вядома, кожны чалавек вольны сам выбіраць — ісці легальным шляхам або паспрабаваць падмануць сістэму. Але другі варыянт не выключае, што можна аказацца падманутым самому. І за прыкладам далёка хадзіць не прыйшлося.

Нейкая жанчына, якая выйшла ўслед за мной з візавага цэнтра, вяла з кімсьці непрыемную размову па мабільным тэлефоне: «Вы мне абяцалі візу мінімум на тры месяцы, а мне далі разавую. Вы сказалі, калі я пакладу на рахунак 1000 еўра, то мне дадуць вялікую візу. Я заняла грошы, паклала, і што я атрымала? Вярніце, што я вам заплаціла, вы — ашуканцы».

Мяркуючы па агульным тоне размовы, ніхто нічога ёй не збіраецца вяртаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?