Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч ня быў у Менску і ня змог павіншаваць Сьвятлану Алексіевіч з прысуджэньнем ёй Нобэлеўскай прэміі.

Пасьля вяртаньня ў Беларусь ён выказаў карэспандэнту Свабоды сваё стаўленьне да гэтай падзеі:

— Я проста шчасьлівы, што прынялі такое рашэньне, бо я відавочна даўжэй за іншых ведаю «Ў вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі». На мяне такое ўражаньне зрабілі гэтыя творы, як у свой час «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». І тут я вінаваты перад Сьвятланай Аляксандраўнай, што я далей не сачыў за яе творчасьцю. Я вырашыў, што гэтага хопіць. Ня ведаю, ці памятае яна, што я быў у такім захапленьні, што калі нам патрэбен быў старшыня Канстытуцыйнага суду, мой сябра Леў Камароў, загадчык катэдры тэарэтычнай фізыкі, сказаў: папрасі гэтую жанчыну быць старшынёй Канстытуцыйнага суду. Я ёй тэлефанаваў і пра гэта казаў, ня ведаю, ці памятае яна пра гэта. Так што я цешуся.

А цяпер, што адбылося? Гэтую прэмію прысудзілі, калі я быў у Сафіі на саміце былых і сёньняшніх кіраўнікоў пэўных постсавецкіх, асабліва балканскіх дзяржаў. І калі гэтая навіна прыйшла, то мне былы прэзыдэнт Юшчанка сказаў: ну, ты ня вельмі ганарыся, бо яна і нам належыць, яна нарадзілася ў Івана-Франкоўску. Я кажу — у Станіславе, гэта потым ён ужо стаў вашым Івана-Франкоўскам. І мы вырашылі, што нам хопіць Сьвятланы Алексіевіч і на аднаго, і на другога. Я вельмі шкадую, што ня меў магчымасьці яе павіншаваць, бо датэлефанавацца да яе ня змог. То бок дзякуй богу, што вы патэлефанавалі. Хоць усе будуць ведаць, што я вельмі цешуся з гэтай падзеі.

Гэта вялікае дасягненьне. Добра, што ў гэты час гэта адбылося. І яе цудоўныя словы пра тое, што ёсьць Бэрыя, Сталін, Пуцін…

— Аляксандар Лукашэнка хоць і павіншаваў Сьвятлану Алексіевіч, аднак званьня «Герой Беларусі» яна пакуль не атрымала…

— Я падзяліў бы гэтыя падыходы. Я думаю, што Мікола Статкевіч мае больш падстаў на сёньняшні дзень, няхай прабачыць мяне Сьвятлана Аляксандраўна, быць Героем Беларусі. Я лічу, што ёсьць асобы, якія маюць больш падстаў быць старшынямі Канстытуцыйнага суду, чым Алексіевіч. Яна займаецца сваёй працай, і добра яе асвоіла. Давайце ня будзем ёй перашкаджаць. Запросім Скоблу, яшчэ якога добрага беларускамоўнага перакладчыка, і няхай будуць пераклады на беларускую мову. Вялікі Быкаў — а гэта ўпушчэньне Нобэлеўскага камітэту, што Быкаву не прысвоілі прэмію Нобэлеўскага камітэту, — сам перакладаў свае творы на рускую мову. І нічога дрэннага ў гэтым ня бачу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?