Еўрапейскія НПЗ скарацілі закупкі расійскай нафты на карысць саудаўскай на фоне ўзмацнення жорсткасці барацьбы экспарцёраў за долю на рынку.

Пра гэта піша Reuters са спасылкай на крыніцы ў колах, звязаных з гандлем энерганосьбітамі.

За апошнія некалькі месяцаў буйныя нафтавыя кампаніі, такія як Exxon, Shell, Total і Eni, павялічылі закупкі саудаўскай нафты для сваіх НПЗ у Заходняй Еўропе і Міжземнамор'і.

«Я купляю ўсё менш і менш расейскай нафты для маіх НПЗ у Еўропе, таму што саудаўскія барэлі выглядаюць прывабней. Для мяне ў гэтым няма ніякіх складанасцяў, бо саудаўская нафта проста таннейшая», — распавяла агенцтву крыніца, звязаная з закупкамі ў буйной нафтавай кампаніі.

Дзве крыніцы распавялі Reuters, што Саудаўская Аравія шукае складскія магутнасці ў польскім Гданьску, каб паскорыць пастаўкі ўсходнееўрапейскіх пакупнікам, выкарыстоўваючы схему, якую яна ўжо шмат гадоў прымяняе для продажаў у Заходняй Еўропе праз парты ў Нідэрландах і Бельгіі.

Паводле інфармацыі аднаго з трэйдараў, з Гданьска можна будзе ажыццяўляць пастаўкі ў Германію, каб скласці канкурэнцыю расійскай нафце, якая ідзе па нафтаправодзе «Дружба».

«Упершыню за многія гады еўрапейскі рынак выглядае цікавейшым, чым азіяцкі. Так што блізкаўсходнія нафтаздабытчыкі збіраюцца скарыстацца гэтай магчымасцю», — сказала Reuters высокапастаўленая крыніца ў Іраку.

Выданне адзначае, што канкурэнцыя на еўрапейскім рынку, хутчэй за ўсё, ускладніць далейшы дыялог паміж Масквой і АПЕК па прадухіленні затаварваньня сусветных рынкаў нафты.

Акрамя таго, піша агенцтва, канкурэнцыя, імаверна, абвострыцца ў бліжэйшыя месяцы, калі Іран, які да 2012 года забяспечваў ад 5 да 10% еўрапейскага імпарту нафты, вернецца на рынак пасля зняцця з яго санкцый.

Крыніца Reuters у аддзеле закупак буйной нафтавай кампаніі растлумачыла, што «саўдзіты хочуць забяспечыць сабе долю рынку да таго, як вернецца Іран».

Расійскі гатунак нафты Urals застаецца галоўнай сыравінай для многіх еўрапейскіх НПЗ з прычыны геаграфічнай блізкасці і тэхналагічнай сумяшчальнасці, заявіла рэдактар Platts па рынках нафты ў Еўропе, на Блізкім Усходзе і Афрыцы Паўла Ван Ланінгам.

На думку галоўнага рэдактара навін таварных рынкаў Reuters у СНД Аляксандра Яршова, пакуль пастаўкі на еўрапейскія рынкі з Саудаўскай Аравіі нязначныя, але калі яны стануць рэгулярнымі, то Urals патаннее адносна міжнароднага маркера Brent.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?