Індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) Полацкага рынку 18 кастрычніка аднавілі працу. Паралельна ідзе збор подпісаў пад калектыўным зваротам да старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука. 

Свой зварот да кіраўніка мясцовай улады прадпрымальнікі тлумачаць «вострай і напружанай сітуацыяй на рынках і гандлёвых аб'ектах горада». «Гэта можа паслужыць падставай для таго, што падобныя хваляванні могуць узнікнуць у іншых рэгіёнах краіны і з іншымі маштабамі, гэта значыць стаць перадумовай для сацыяльнага выбуху», — гаворыцца ў звароце. 

Прадпрымальнікі пішуць, што не могуць нармальна працаваць, бо «апасаюцца за свой тавар, які могуць канфіскаваць». «Гэта здарылася з-за праверак накладных асобных ІП, вынікам якіх стала канфіскацыя тавараў», — адзначаецца ў звароце.

ІП нагадваюць кіраўніку райвыканкама, што вясной Адміністрацыя прэзідэнта даручыла стварыць у Беларусі альтэрнатыўныя расійскім аптовыя базы з аналагічным асартыментам, цаной і дакументамі. На сёння гэтае даручэнне не выкананае. «Аптовых баз, падобных расійскім, як не было, так і няма. І менавіта гэта не дае маральнага права кантрольным органам пазбаўляць грамадзян сваёй краіны працы і недарагіх тавараў», — лічаць ІП. 

Яны сцвярджаюць, што з мэтай выканання ўказа прэзідэнта № 222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў ІП спрабавалі знайсці пастаўшчыкоў з суправаджальнымі дакументамі, аднак на момант набыцця тавараў на аптовых рынках Расіі не маглі вызначыць сапраўднасць накладных фірм пастаўшчыкоў. 

Прадпрымальнікі звяртаюць увагу на тое, што гэтыя дакументы прымаліся падатковымі органамі для налічэнняў і далейшай выплаты ІП 20% стаўкі ПДК. «Таму ўсе справядліва мелі поўную ўпэўненасць, што прадпрымальнікі дзейнічаюць у межах заканадаўства», — падкрэсліваецца ў звароце. 

Для выхаду з канфліктнай сітуацыі ІП прапаноўваюць кіраўніку райвыканкама прыняць наступныя меры: 

- неадкладна накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах указа № 222 да тэрміну прыняцця рашэння па суправаджальных дакументах, якое задаволіць усе зацікаўленыя бакі;

- накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах дзеяння тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ў дачыненні да ІП з-за масавага невыканання гэтых правілаў у краінах-партнёрах;

- правесці тэрміновыя перамовы з удзелам прадстаўнікоў РГА «Перспектыва» і шырокага кола іншых прадпрымальніцкіх структур, а таксама органаў улады па пытаннях накладных і сертыфікатаў;

- правесці на працягу найбліжэйшага часу рабочую сустрэчу кіраўніцтва РГА «Перспектыва» як незалежнай арганізацыі, якая ўлічвае інтарэсы прадпрымальнікаў і дзяржавы ў цэлым, з кіраўніцтвам раённага выканаўчага камітэта горада Полацка.

Зварот падпісаны старшынёй савета РГА «Перспектыва» Анатолем Шумчанкам. 

Як паведаміў БелаПАН Шумчанка, раніцай 18 кастрычніка на Полацкім рынку прайшоў сход ІП. Каля 200 чалавек ухвалілі тэкст звароту і пачалі збіраць пад ім подпісы. Копія звароту будзе накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта. 

Прадпрымальнікі вырашылі пачаць працу, якую спынілі 16 кастрычніка. Але калі праверкі адновяцца, адновіцца і забастоўка, падкрэсліў Шумчанка. 

Згодна з указам № 222 1 сакавіка 2015 года закончыўся тэрмін, калі ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што па шэрагу аб'ектыўных прычын не змогуць працаваць у новых умовах, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі. Пасля хвалі забастовак ІП, якія прайшлі ў сакавіку па ўсёй краіне, тэрмін рэалізацыі тавараў без дакументаў працягнулі да 1 студзеня 2016 года.

Тым не менш ІП працягваюць заяўляць, што не змогуць працаваць у новых умовах, бо іх пастаўшчыкі, пераважна з Расіі, адмаўляюцца выдаваць дакументы на тавары, якія могуць пацвердзіць паходжанне прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?