Пра творчыя планы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы паведаміў на прэс-канферэнцыі 17 сакавіка ў Мінску мастацкі кіраўнік тэатра народны артыст Беларусі Валер Раеўскі.

Ён нагадаў, што ў тэатры распачата праца над пастаноўкай "Пінская шляхта" па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ставіць спектакль Мікалай Пінігін, які раней паставіў у Купалаўскім тэатры знакамітую "Ідылію" гэтага ж аўтара. Прэм’ера "Пінскай шляхты" прызначана на канец мая 2008 года.

Паводле слоў В.Раеўскага, працягваецца праца над спектаклем пад рабочай назвай "Плач Любаславы" — трэцяй пастаноўкай гістарычнай тэматыкі па п’есах Аляксея Дударава. Нагадаем, гэта гістарычны дэтэктыў, падзеі якога разгортваюцца ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI стагоддзі. Прэм’ера плануецца ў ліпені-жніўні гэтага года.

Як паведаміў В.Раеўскі, у бліжэйшых планах тэатра пазначаны беларуска-расійскі праект — пастаноўка спектакля "Вяселле" паводле Антона Чэхава. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіць малады расійскі рэжысёр Уладзімір Панкоў, арганізатар і мастацкі кіраўнік студыі "SaunDrama". Плануецца, што ў спектаклі будзе занята расійская пастановачная група і беларускія акцёры. "Вяселле" рыхтуецца да тэатральнага фестывалю, прымеркаванага да 150-годдзя з дня нараджэння Чэхава. Чакаецца, што прэм’ера пройдзе ў Маскве ў канцы 2008 года, у Мінску — у пачатку 2009 года.

Паводле слоў В.Раеўскага, да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Купалаўскі тэатр рыхтуе спектакль аб творчым і жыццёвым шляху Васіля Быкава. Драматург, імя якога трымаецца ў сакрэце, у дадзены момант працуе над п’есай пад назвай "Вайна Быкава". Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля выступіць В.Раеўскі.

У перспектыўных планах тэатра — пастаноўка спектакляў па п’есах "Фауст" Гётэ, "Хам" Элізы Ажэшкі, "Раскіданае гняздо" Янкі Купалы, "На дне" Максіма Горкага і іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?