Пры падліку галасоў назіральнікі павінны бачыць кожны ўлічаны бюлетэнь. Аб гэтым заявіў кіраўнік наглядальнай місіі Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека АБСЕ Жак Фор.

«Калі я кажу «павінны бачыць», я маю на ўвазе фізічна кожны бюлетэнь, — падкрэсліў ён. — Затым копія пратакола падліку галасоў павінна быць неадкладна размешчана на дошцы з інфармацыяй на выбарчым участку. Назіральнікі павінны атрымаць завераную копію гэтага пратакола. Затым вынікі з кожнага выбарчага ўчастка трэба апублікаваць, напрыклад, на сайце Цэнтрвыбаркама. Такім чынам, у назіральнікаў, якія атрымалі пратакол, будзе магчымасць параўнаць апублікаваныя вынікі і пацвердзіць іх дакладнасць. Так павінна быць». 

Паводле слоў кіраўніка БДІПЧ АБСЕ, падчас цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў «былі прыклады, калі на выбарчых участках падлік галасоў праводзіўся менавіта так». «Аднак ёсць процілеглыя прыклады, і, на жаль, іх значна больш, калі падлік не праводзіўся ў адпаведнасці з рэкамендацыямі», — дадаў Фор. 

Ён адзначыў, што Цэнтрвыбаркам павінен даць старшыням участковых камісій «вельмі выразныя і зразумелыя інструкцыі» наконт таго, што назіральнікі павінны мець магчымасць бачыць працэдуру падліку галасоў. 

Тыя нешматлікія пазітыўныя прыклады, калі назіральнікам дазволілі сачыць за падлікам галасоў, паказваюць, што «калі будзе палітычная воля, то Цэнтрвыбаркам можа стварыць абсалютна празрыстыя і зразумелыя правілы для камісій аб тым, каб дазволіць такое назіранне», лічыць Фор. 

Кажучы пра зафіксаваныя выпадкі з прыкметамі ўкідвання бюлетэняў, ён адзначыў, што кароткатэрміновымі назіральнікамі было зафіксавана восем выпадкаў, з іх пяць — падчас назірання за падлікам галасоў, два — у дзень галасавання і адзін падчас датэрміновага галасавання. 

«Гэта канкрэтныя задакументаваныя выпадкі, на жаль, — сказаў кіраўнік місіі БДІПЧ. — Такія высновы былі зробленыя на падставе ўбачанай кіпы не складзеных бюлетэняў у скрынях для галасавання, у той час як большасць бюлетэняў былі па-рознаму складзеныя. У другім выпадку была заўважаная кіпа складзеных разам бюлетэняў (прыкладна дванаццаць-пятнаццаць), што таксама выклікае пэўную заклапочанасць. Былі падазрэнні пра магчымае ўкідванне ў шэрагу выпадкаў, калі пераносныя скрыні для галасавання былі распячатаныя». 

Назіральнікі, паводле слоў Фора, заўважылі, што гэтыя бюлетэні тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі падчас падліку галасоў лічылі на карысць дзейнага прэзідэнта. 

«Хацеў бы яшчэ дадаць, што ў нашай папярэдняй справаздачы гаворыцца, што падлік атрымаў негатыўную ацэнку назіральнікаў на 30% выбарчых участкаў, на якіх праводзілася назіранне, што і ўказвае на значныя праблемы. Працэс падвядзення вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і непразрысты прыкладна ў 25% тэрытарыяльных выбарчых камісій, дзе ажыццяўлялася назіранне», — адзначыў кіраўнік наглядальнай місіі БДІПЧ АБСЕ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?