Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падчас сустрэчы з Уладзімірам Някляевым у кафэ «Салодкі фальварак» выявіў у сурвэтніцы «жучок» для праслухоўвання. Спецыяліст па электроннай тэхніцы дэталёва даследаваў прыладу і прыйшоў да высновы, што гэта дыктафон, прычым зроблены саматужным спосабам.

Лябедзька: у «Салодкім фальварку» і раней мянялі сурвэтніцу на маім стале

16 кастрычніка Анатоль Лябедзька планаваў сустрэцца ў кафэ з Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Статкевічам. «Відавочна, што праслухоўваліся нашы тэлефоны, бо месца сустрэчы мы не абгаворвалі. Было сказана: дзе мінулы раз», — адзначае палітык.

Ужо на ўваходзе ён звярнуў увагу, што убачыўшы яго, бармэн змяніўся ў твары, пачаў нервавацца. Потым афіцыянтка змяніла на стале сурвэтніцу, хоць папярэдняя была поўнай.

«Вядома, мяне гэта насцярожыла, — успамінае Лябедзька. — Я адразу згадаў, што і раней у гэтай кавярні, калі я прыходзіў, адразу ж мянялі сурвэтніцу на стале. Таму я вырашыў паспрабаваць яе раскруціць. Унутры выявіў «жучок».

Палітык не стаў падымаць шум, значна важней, палічыў ён, вынесці з сабой праслухоўвальную прыладу. На днях ён мае намер звярнуцца ў Генеральную пракуратуру. Свае подпісы пад заявай гатовыя паставіць таксама Някляеў і Статкевіч.

«Па-першае, мы хочам высветліць, ці была санкцыя пракурора на праслухоўванне нашых мабільных тэлефонаў, — кажа лідар АГП.— Па-другое, калі такая санкцыя была, то якія падставы для праслухоўвання. Калі пракуратура дазволу ўсё ж такі не давала, мы патрабуем распачаць крымінальную справу па факце незаконнага праслухоўвання і ўмяшання ў асабістае жыццё».

Эксперт: механізм для запісу голасу дасталі з асадкі-дыктафона

Спецыяліст па электроннай тэхніцы Юрый Кітаеў, вывучыўшы знаходку Лябедзькі, прыйшоў да высновы, што гэта запісваючая, а не перадавальная прылада.

«Бо тут адсутнічае антэна, - кажа ён. - На прыладзе ёсць кнопка, якая ўключае запіс. Далей USB-порт, праз які гэты запіс можна потым перадаць на камп'ютар. Нічога складанага ў тым, каб сабраць такі механізм, няма. Хутчэй за ўсё, выкарыстаны дэталі з так званай «шпіёнскай асадкі» — гэта дыктафон, умантаваны ў шарыкавую асадку. Кошт такой прылады на кітайскіх сайтах — каля 10 даляраў».

Спецыяліст кажа, што сабраць такую прыладу можа нават школьнік, які цікавіцца радыёэлектронікай.

Па базе Datasheetcatalog.com можна прабіць ўсе элементы запісваючай прылады, на якіх ёсць серыйны нумар. Аднак у выпадку з сурвэтніцай Лябедзькі, пошук не даў выніку. Флэшка з сурвэтніцы вызначаецца на камп'ютары, аднак адкрыць прыладу немагчыма — патрабуецца спецыяльны драйвер.

Па словах Юрыя Кітаева, сучасныя запісваючыя прылады могуць быць яшчэ менш, чым у выпадку з сурвэтніцай: «Гэта можа быць нават запанкі, у якую ўмантуюцы не толькі дыктафон, але яшчэ і камеру».

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі Анатоль Лябедзька выяўляе запісваючую прыладу. «Гадоў восем назад нешта падобнае знайшлі ў мяне дома. Прылада была замацавана ў шчытку электрасувязі. Экспертыза паказала, што фіксаваўся гук у маёй кватэры», — распавёў лідар АГП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?