Нэрвознасьць Фэдэральнай рэзэрвавай сыстэмы ЗША, якая ў нядзелю раптоўна панізіла стаўку крэдытаваньня, выклікала паніку на сусьветных фінансавых рынках. Алан Грынспэн назваў надыходзячы фінансавы крызіс «самым балючым з моманту заканчэньня Другой сусьветнай вайны».На міжнародным рынку пабіты новы гістарычны рэкорд — курс даляра да эўра падступіў да мяжы 1,6.

6 гадоў таму даляр каштаваў удвая болей. Але самае небясьпечнае для стабільнасьці міжнароднае фінансавае сыстэмы — гэта тэмп абясцэньваньня, што склаў 10 % за апошнія тры месяцы.

Нэрвознасьць Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША, якая ў нядзелю раптоўна панізіла стаўку крэдытаваньня, толькі павялічыла страхі на біржах. Зазвычай рада ФРС на выхадных не працуе. Аднак у гэтую нядзелю ФРС панізіла стаўку па крэдытаваньні першасных дылераў з 3,5 % да 3,25 % гадавых. Хаця ў адрозьненьне ад базавай працэнтнай стаўкі гэты парамэтар не зьяўляецца ключавым для амэрыканскай гаспадаркі, рашэньне, прынятае раптоўна, ды яшчэ і ў выходныя, выклікала ў інвэстараў чарговую хвалю панікі. Яны вырашылі, што справы ў эканоміцы ЗША зусім ніякія.

Зьніжэньнем крэдытнае стаўкі ФРС імкнецца ажывіць замёрлую амэрыканскую гаспадарку. Пакуль безвынікова. Не дапамагае і найніжэйшы курс амэрыканскае валюты, што стымулюе экспарт.

Упэўненасьці ў непазьбежнасьці катастрофы дадаў адзін з самых аўтарытэтных эканамістаў сьвету, былы кіраўнік ФРC ЗША Алан Грынспэн.

У артыкуле ў газэце Financial Times Грынспэн называе будучы фінансавы крызіс «самым балючым з моманту заканчэньня Другой сусьветнай вайны».

Кіраўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Дамінік Строс-Кан паведаміў у панядзелак, што эканамічны крызіс будзе доўгатэрміновым і выкліча сур’ёзныя наступствы. Аслабленьне даляра было «прадказальнай зьявай», але празь ягоны памер «мы маем справу цяпер зь вельмі напружанай сытуацыяй». Пры гэтым Строс-Кан ня бачыць пакуль патрэбы, каб «цэнтральныя банкі супольна ўмяшаліся ў хаду падзеяў».

З нагоды крызісу выказаўся нават прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Ён папрасіў не дапусьціць, каб умацаваньне рубля прывяло да нэгатыўных працэсаў у эканоміцы і даручыў эканамічнаму блёку расейскага ўраду пільнаваць гэта.

Пры благіх вестках з ЗША індэкс расейскай біржы ўпаў у панядзелак прыблізна на 5 %. 3,5 % страцілі ў сярэднім акцыі на варшаўскай біржы.

Адначасова з падзеньнем даляра цэны на нафту перавысілі рэкордныя 112 даляраў за барэль, а цана золата — таксама рэкордныя 1033 даляры за тройскую унцыю. Інвэстары стараюцца пазбыцца даляраў і ўкладаюць грошы ва ўсё, што, так бы мовіць, доўга ляжыць.

На думку віцэ-прэзыдэнта ЗША Дыка Чэйні рост цэнаў на нафту ўсяго толькі адлюстроўвае каньюнктуру рынкаў.

Рэакцыі беларускага ўраду на турбуленцыі сусьветных рынкаў пакуль не было.

Практычна ніхто з эканамістаў не чакае ўзмацненьня даляра ў блізкай пэрспэктыве. Пануюць пэсымістычныя прагнозы наконт курсу амэрыканскай валюты.

* * *

Што чакае беларускую эканоміку ў сувязі з падзеньнем курсу амэрыканскага даляра? Гаворыць эканаміст Аляксандар Гатоўскі: Беларусь — адзіная ў Эўропе верная даляру ў такі цяжкі для яго час краіна.

«Зважаючы на аслабленьне курсу даляра, пачынаючы зь мінулага году, большасьць нашых суседзяў пераарыентавалася ў разьліках на моцны эўра. Нашая эканамічная палітыка застаецца нязьменнай — курс нацыянальнай валюты па-ранейшаму прывязаны да даляра. Фактычна, Беларусь — адзіная эўрапейская дзяржава, што ў такой неспрыяльнай для амэрыканскай валюты сытуацыі, захоўвае ёй вернасьць. Расея вагаецца паміж далярам і эўра, але ўсё часьцей схіляецца на карысьць апошняга. За расейскія нафту і газ мы разьлічваемся ў далярах ЗША. Але трэба ўлічваць, што цана на іх вагаецца з улікам карэкціроўкі сусьветных цэнаў, якія таксама залежаць ад зьменаў курсу даляра. Таму на нашай эканоміцы падзеньне даляра адаб’ецца непазьбежна. Вымалёўваецца наступная сытуацыя: даляр падае, эўра ўмацоўваецца, цэны на імпартныя тавары і сыравіну ў далярах растуць. У выніку пацерпіць просты грамадзянін, бо заробак, які налічваецца ў беларускай валюце, замацаванай за далярам, зьменшыцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?