Жанр: трылер, драма, жахі
Рэжысёр: Гільерма дэль Тора
У ролях: Міа Васількоўска, Джэсіка Чэстэйн, Том Хідлстан, Чарлі Ханэм, Джым Бівер, Берн Горман, Лэслі Хоўп, Даг Джонс, Джонатан Хайд
Адзнака: 7,5
ЗША, 120 хв.

Канец XIX стагоддзя. Маладая амерыканская пісьменніца Эдзіт Кашынг нечакана губляе бацьку, багатага будаўніка, але знаходзіць суцяшэнне з загадкавым брытанскім баранетам Томасам Шарпам.

Яна пераязджае ў велізарны стары маёнтак Алердэйл у Англіі. Але хутка выяўляе, што яе наваспечаны муж і яго сястра Люсіль не тыя, за каго сябе выдаюць, і спрабуе высветліць, што яны хаваюць з такім адчаем і злосцю.

Сцэнар амаль цалкам аўтраскай стужкі Гільерма дэль Тора напісаў яшчэ ў 2006. Рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар фільма, ён выдаў каля 12 версій сцэнара, перш чым спыніцца на канчатковым варыянце. Нават падчас прадакшну ён прыдумляў новыя сцэны. Фільм — страшная казка ў фірмовым стылі дэль Тора.

Галоўная роля дасталася маладой аўстралійскай акцёрцы Міі Васількоўскай. Падступную сястру Томаса, Люсіль, сыграла ўладальніца «Залатога глобуса — 2013» Джэсіка Чэстэйн, занятая ў вядомых «Інтэрстэлары» (2014) і «Марсіяніне» (2015). Ролю Томаса Шарпа, самага супярэчлівага персанажа, выканаў брытанец Том Хілдстан, вядомы ў абліччы Локі ў стужках па сусвеце Marvel.

Здымкі праходзілі ў Кінгстане (Антарыа, Канада). Дом, у якім разгортваюцца падзеі фільма, разам з усімі прадметамі быў адбудаваны з нуля на здымачнай пляцоўцы. Па задумцы рэжысёра, асабняк — паўнапраўны ўдзельнік сюжэта, які ёсць «жывым арганізмам на мяжы распаду». Прывіды, якія насяляюць дом і якіх можа бачыць толькі Эдзіт, афарбаваныя ў чырвоны колер, — дэль Тора хацеў зрабіць іх не падобнымі да класічных выяў.

Стужка адметная і надзвычай стылёвай карцінкай.

Асноўная гама — бела­-чырвоная, а касцюмы і антураж наўмысна вычварныя. Пры стварэнні саўндтрэка выкарыстоўваліся гукі «стагоддзя машын» — ляск трамваяў, гудкі паравозаў і параходаў, каб перадаць атмасферу індустрыйнай Англіі XIX стагоддзя.

Стужка ўтрымлівае сцэны гвалту і мае абмежаванне 18+.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0