Сляды пятага горада

З акна гасцявых пакояў Латвійскай акадэміі навук, дзе я не першы год спыняюся, прыязджаючы працаваць у Рыгу, адкрываецца від на адно з даўніх прадмесцяў балтыйскай сталіцы. Гэта частка Рыгі, аддзеленая ад Старога горада (Vecrīga) Цэнтральным рынкам з былымі ангарамі ад дырыжабляў часоў Першай сусветнай, не надта прыцягвае турыстаў.

Любы вандроўнік, які трапляе ў гэтае прадмесце, рэальна апынаецца ў атмасферы ХІХ ст. — інфраструктурна шмат у чым пабудовы, двары, завулкі засталіся такімі, якімі і былі ў эпоху бурлівага капіталістычнага развіцця Рыгі. Сучаснага чалавека ўразіць кантраст.

Маскоўскі фарштат. Выгляд з 14-га паверха будынка Латвійскай Акадэміі Навук.

Маскоўскі фарштат. Выгляд з 14-га паверха будынка Латвійскай Акадэміі Навук.

Бо тут, у дварах чатырох­-пяціпавярховых цагляных дамоў характэрнага індустрыяльнага выгляду эпохі мадэрну, могуць знаходзіцца дроўныя склады, у падвалах захоўваецца вугаль. Так, сюды была праведзена электрычнасць, а таксама вада, часам у выглядзе калонкі на вуліцы. Але ацяпленне па­ранейшаму ажыццяўляецца гэтымі дровамі ці вугалем. Вядома, некаторыя кватэры абсталяваныя сучаснымі сістэмамі забеспячэння. Але гэта магчыма толькі ў тых жытлах, гаспадары якіх здольныя інвеставаць у якасць жыцця.

Маскоўскі фарштат Рыгі. Тыповая забудова.

Маскоўскі фарштат Рыгі. Тыповая забудова.

Большасць кватэраў у цагляных будынках і драўляных дамках у Маскоўскім фарштаце пустуе. У Латвіі адбылася паслядоўная, а часам і жорсткая рэстытуцыя маёмасці. Усе даўнія будынкі набылі сваіх гаспадароў — нашчадкаў ранейшых. Сродкаў у новых гаспадароў няма. Маляўнічыя пустыя кварталы ствараюць экзатычны урбаністычны ландшафт: пасярод гарадской выспы ХІХ ст. бяжыць трамвай. Куды едуць усе гэтыя людзі, калі большасць вокнаў у дамах тут забітыя?

Драўляная забудова – характэрная асаблівасць Маскоўскага фарштата Рыгі.

Драўляная забудова – характэрная асаблівасць Маскоўскага фарштата Рыгі.

Каб ацаніць памеры рыжскіх прадмесцяў ХІХ ст. і колькасць закінутых кватэраў, варта прыгадаць, што ў 1897 г. Рыга па колькасці насельніцтва (256 тыс.) і маштабах капіталу ў Расійскай Імперыі спаборнічала за 4—5 месца — непасрэдным канкурэнтам быў Кіеў (пасля Санкт­-Пецярбурга, Масквы і Адэсы). Наконадні Першай сусветнай колькасць жыхароў тут наблізілася да паўмільёна (а сёння ж у Рызе пражывае каля 700 тыс. чалавек). Рыга была гандлёвымі варотамі Расійскай Імперыі на Балтыцы. (У сталіцы імперыі ў Кранштаце знаходзілася галоўная ваенна-­марская база, а гандлёвы порт быў слабы.) У Рызе ж ад 1909 г. на Руска-­Балтыйскім вагонным заводзе вырабляліся самыя масавыя расійскія аўтамабілі таго часу «Руса­Балт». Там жа збіралі найвялікшыя аэрапланы «Ілья Мурамец» Ігара Сікорскага. Нямецкая, расійская, яўрэйская буржуазія Рыгі здолела зарабіць велізарныя сродкі, матэрыяльным сведчаннем чаго і па сёння з’яўляюцца кварталы шыкоўнага мадэрну.

Цагляныя гмахі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. у Маскоўскім фарштаце.

Цагляныя гмахі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. у Маскоўскім фарштаце.

У адным з двароў Маскоўскага фарштата.

У адным з двароў Маскоўскага фарштата.

На вуліцах Маскоўскага фарштата.

На вуліцах Маскоўскага фарштата.

Цяпер праз сацыяльную дэпрэсіўнасць Маскоўскі фарштат стаў прывабным месцам для крыміналу, які базуецца на наркотыках. Яшчэ гадоў дзесяць таму тубыльцы не раілі з’яўляцца там па вечарах. Пік экстрэмы сышоў, але легенды, што казычуць нервы, засталіся.

Але ёсць і іншае вымярэнне Маскоўскага фарштата. Гэты раён вылучаецца і рэлігійнымі асяродкамі. На ўскраіне прадмесця знаходзіцца каталіцкая семінарыя з касцёлам — практычна адзіная, якой было дазволена функцыянаваць у паваенным СССР. Амаль усе каталіцкія святары той эпохі прайшлі ў ёй падрыхтоўку. Была яшчэ семінарыя ў Коўне, але яна прымала навучэнцаў толькі з Літвы.

У самым жа цэнтры прадмесця месціцца яшчэ больш старажытны асяродак — стараверская Грэбеншчыкоўская абшчына. Знешне комплекс падобны на заможны купецкі дом ХІХ ст. Царская адміністрацыя забараняла стараверам узводзіць малельныя будынкі, якія знешне хоць нечым нагадвалі б царкву. Толькі ўзведзеная ў 1905 г., пасля рэлігійнай лібералізацыі ў Расіі, высокая званіца дазваляе здагадацца, што перад намі рэлігійны аб’ект.

Пажар 1812 года

Чаму фарштат, уласна, Маскоўскі? Бо ад XVII ст. гэтае прадмесце вядомае як месца кампактнага рассялення расійскіх купцоў. У пачатку ХІХ ст. гэтае прадмесце мела пераважна драўляную забудову і было спаленае на загад расійскага ваеннага губернатара Івана Эсена, калі напалеонаўскія войскі ўвайшлі ў межы тагачаснай Ліфляндскай губерні.

23 ліпеня 1812 г., калі паступілі звесткі пра пераправу французскага корпуса вышэй па Дзвіне, Маскоўскае прадмесце запалала. Але моцны вецер перакінуў полымя і на тыя кварталы, якія не планавалася знішчаць. Суткі гарэлі ўсе прадмесці Рыгі, агонь ледзьве не перакінуўся на Стары горад.

Французы ж і не планавалі наступаць на Рыгу. Напалеон ілюзорна чакаў паслоў ад цара Аляксандра І. Але гісторыя са знішчэннем Маскоўскага фарштата можа дадаць ускосных аргументаў да даўняй дыскусіі, хто ўсё­-такі падпаліў ужо Маскву ў верасні 1812 г. Як бачым, тактыка знішчэння рэсурсаў і выпаленай зямлі актыўна выкарыстоўваліся расійскай адміністрацыяй.

У Рызе ж дзясяткі тысячаў жыхароў засталіся без даху і маёмасці. Загінулі найпрыгажэйшыя раёны. Рыжане пракліналі Эсена, які знішчыў палову горада на падставе панічных чутак.

Кніжніца рыжскіх старавераў

Гісторыя з пажарам 1812 г. мае для нас і яшчэ адно значэнне — пасля яго стараверы пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі на месцы спаленых драўляных.

Стараверы з Расіі сталі пранікаць у шведскую Рыгу яшчэ ў пачатку XVIII ст, шукаючы паратунку ад дзяржаўнага тэрору. Стараверы Рыгі, як і стараверы, што з’явіліся на поўначы Вялікага Княства Літоўскага, належаць да беспапоўскага кірунку. То бок сан святароў яны прызнавалі толькі за тымі з іх, хто быў высвечаны да рэформы Нікана. З часам старыя кананічныя святары пасыходзілі з гэтага свету, і сярод стараабрадцаў гэтага радыкальнага кірунку засталіся адныя толькі міране. Таму і набажэнствы ў беспапоўцаў ажыццяўляюцца па міранскім чыне: адсутнічаюць элементы, што выконвае святар.

Тут трэба адзначыць, што на поўдні Беларусі, на Чарнігаўшчыне і Севершчыне пасяляліся стараабрадцы іншага кірунку — «папоўцы», якія стварылі сваю іерархію і, апроч іншага, прызнавалі святарскі сан перабежчыкаў з новаабраднай царквы.

У наш час большая частка беспапоўцаў аб’яднаная ў Дрэўлеправаслаўную Паморскую царкву, а Рыжская абшчына застаецца найбуйнейшай у гэтай царкве. Ад 1833 г. яна мае назву Грэбеншчыкоўскай у гонар свайго мецэната купца Аляксея Грэбеншчыкова. Дзякуючы традыцыяналізму, замкнёнаму ладу жыцця і працягламу знаходжанню ў Рызе, Грэбеншчыкоўская абшчына валодае абсалютна нечаканымі для нас рарытэтамі.

Мае знаёмыя рыжскія калегі, філолагі Латвійскага ўніверсітэта, прапанавалі наведаць кніжніцу (кніжныя зборы) абшчыны. Але найперш трэба было атрымаць дазвол. Звязаліся са старшынёй абшчыны. Той сказаў, што звернецца да рады старшыняў, а пра вынік нам паведамяць. Сапраўды, праз два дні патэлефанавалі і сказалі, што старшыні пагадзіліся дапусціць у кніжніцу беларускага даследчыка. Праўда, у іншы дзень, чым меркавалася раней, але дазвол гэтай закрытай супольнасці быў атрыманы. Прызнацца, я не зусім уяўляў, што магу пабачыць пад скляпеннямі вялізнага мураванага будынка нязвыклай архітэктуры ў легендарным прадмесці Рыгі.

Пасля вітанняў і ўважлівага выслухвання кароткай творчай біяграфіі вас праводзяць у адносна невялікі пакой, на вокнах якога краты, а ўздоўж сцен — старыя шафы са шклянымі дзверкамі. На вашу просьбу, але не ахвотна, з найбліжэйшай шафы дастануць адну з тоўстых кніжак.

Тытульны аркуш Астрожскай Бібліі 1581 г. Друкар Іван Фёдараў.

Тытульны аркуш Астрожскай Бібліі 1581 г. Друкар Іван Фёдараў.

У гэтым сціплым пакоі вы можаце знайсці выданні Астрожскай друкарні, заснаванай маскоўскім выгнаннікам Іванам Фёдаравым паводле ініцыятывы і на грошы князя Канстанціна Астрожскага. Друкарня пачала дзейнічаць у Астрагу на Валыні ў 1577—1579 гг., а ў 1581 г. з’явілася такое адметнае выданне, як Астрожская Біблія — першае завершанае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове. У ажыццяўленні гэтага грандыёзнага культурнага і рэлігійнага праекта Іван Фёдараў карыстаўся таксама перакладамі Францыска Скарыны. Пасля канфлікту з князем Астрожскім Фёдараў выехаў у Львоў, але закладзеная ім друкарня працягнула дзейнасць. Ужо ў 1590­я гады для выданняў Астрожскай друкарні быў выкарыстаны шрыфт, створаны ў Вільні былым паплечнікам Фёдарава па Маскве Пятром Мсціслаўцам.

Беларускі след мы можам знайсці і ў іншым унікаце з кніжніцы Рыжскай абшчыны. Тут захоўваецца першая датаваная друкаваная расійская кніга — «Апостал» 1564 г. Гэтае службовае для набажэнстваў у цэрквах выданне ажыццявілі ўсё тыя ж Фёдараў і Мсціславец. Пасля, ва ўмовах ціску кансерватыўных маскоўскіх колаў, друкары пакінулі Маскву і скіраваліся ў ВКЛ. У Пасляслоўі да львоўскага «Апостала» 1574 г. Фёдараў з падзякай прыгадваў караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, які ласкава даў яму магчымасці ўладкавацца ў новай Айчыне.

Апостал 1564 г. (на фронтспісе – евангеліст Лука ў Трыумфальнай арцы). Друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсціславец. Першая датаваная друкаваная расійская кніга.

Апостал 1564 г. (на фронтспісе – евангеліст Лука ў Трыумфальнай арцы). Друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсціславец. Першая датаваная друкаваная расійская кніга.

На сёння вядома каля 65 захаваных асобнікаў «Апостала» маскоўскага друку 1564 г., але адзін неапісаны асобнік захоўваецца таксама ў Рыжскай стараверскай абшчыне. Як і выдавец гэтай кнігі, стараверы мусілі былі шукаць паратунку ад ціску расійскай дзяржавы ў суседніх краінах.

Мне ўдалося прабыць у кніжніцы каля гадзіны. Увесь гэты час мне амаль не давялося дакрануцца да кніг — іх трымаў у руках захавальнік кніжніцы. Не дазволілі і фатаграфаваць. Стараверы засталіся вернымі сваёй традыцыі самаізаляцыі і вытрымлівання дыстанцыі, наколькі гэта магчыма ў сучасным свеце.

Сённяшнія скарбы рыжскіх старавераў — толькі часта некалі яшчэ большай калекцыі. У 1958 г. даследчыкі з «Пушкінскага Дома» тагачаснага Ленінграда апісалі 150 рукапісных і 300 старадрукаваных кніг Грэбеншчыкоўскай абшчыны. Найбольш каштоўныя рукапісы, пачынаючы ад XV ст., былі перададзены ў Бібліятэку АН СССР у Ленінградзе.

Але найкаштоўнейшыя старадрукі засталіся ў кніжніцы пасярод Маскоўскага фарштата. Энтузіясты рыхтавалі праект пры еўрапейскай падтрымцы, каб навукова апісаць усе гэтыя кнігі і стварыць адпаведны тэмпературна­вільготнасны рэжым захоўвання кніжных скарбаў.

Абшчына не падтрымала ідэю, бо ў адваротным выпадку прыйшлося б дапусціць да сваіх збораў старонніх людзей.

Мова Маскоўскага фарштата

Усё ж рыжскія стараверы ў нейкай меры захоўваюць імкненне папулярызаваць сваю спадчыну. Адным са сведчанняў гэтага стала перавыданне працы філолага ХІХ ст. Івана Жалтова «Руская гаворка Рыгі». Рыжскі выкладчык расійскай славеснасці Жалтоў паставіў сабе за мэту паказаць публіцы, якая чытае, што ў Рызе функцыянуюць не толькі нямецкая і латышская мова, але актыўна ўжываецца і расійская. Да таго ж гэта мова не толькі прысланага імперскага чынавенства, але яна мае і мясцовыя глыбокія традыцыі.

Іван Жалтоў хацеў паказаць вось гэтую народную моўную стыхію і вельмі дакладна фіксаваў лексіку славянамоўнага насельніцтва Рыгі. Месцам кампактнага рассялення гэтага жыхарства якраз і быў Маскоўскі фарштат.

Сярод словаў, так уважліва занатаваных расійскім філолагам у 1874 г., сустракаюцца нам цалкам знаёмыя: «батька», «бахвал» («хвастун»), «вага, важница», «вагарь» (весовщик при городских весах»), «воспа», «пруссак» («род маленьких тараканов желтого цвета», занесенных, по преданию, из Пруссии), «так само», «цырульник»…

Іван Жалтоў прывёў і спіс фанетычных асаблівасцяў гаворкі Маскоўскага фарштату. Не выклікае сумневу, што рыжскі філолаг апісваў менавіта беларускія моўныя рысы. Беларускія гаворкі выразна прысутнічалі сярод славянамоўнага насельніцтва тагачаснай Рыгі.

Жалтоў тлумачыў, што «мясцовае рускае насельніцтва Рыгі» склалася з двух элементаў, а менавіта з выхадцаў з вялікарасійскіх губерняў, а таксама з перасяленцаў з суседніх з Прыбалтыйскім краем губерняў — Віцебскай, Ковенскай і Віленскай. Праўда, апошніх Жалтоў таксама лічыць паводле паходжання велікаросамі-­стараабрадцамі, але збеларушчанымі праз доўгае пражыванне сярод тубыльцаў Паўночна-­Заходняга края.

Адпаведна паходжанню рускае насельніцтва ў Рызе, як піша Жалтоў, падзяляецца на «расейскае» і «польскае» (з былой Рэчы Паспалітай). Жалтоў так і піша гэтае ўжыванае паміж рыжанамі слова — «росское». Я доўгі час лічыў гэты выраз проста вульгарызмам. Аказваецца, народная форма бытавання гэтага слова была досыць пашыраная.

Гісторыя з мовай Маскоўскага фарштата можа быць для нас павучальнай. Мы не да канца ўяўляем арэалы бытавання беларускай культуры. Арэалы яе пашырэння могуць быць самыя нечаканыя, і нам не трэба забывацца на гэтыя скарбы. Тады мы ўспрымем і культурную ідэнтычнасць, і культурную разнастайнасць як жывыя, ліючыя формы.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0