З 6 па 13 лістапада ў рамках ММКФ «Лістапад» мінчукам пакажуць скандальную эратычную драму Гаспара Наэ «Каханне». Як растлумачылі ў дырэкцыі фестывалю, фільм будзе дэманстравацца ў рамках пазаконкурснай праграмы на начных сеансах і строга для публікі 18+.
Пасля прагляду прэм'еры фільма на Канскім кінафестывалі крытыкі прызнавалі некаторыя сцэны з «Кахання» куды больш адкрытымі, чым у «Німфаманцы» Ларса фон Трыера. У Мінску да сёння не давалі інфармацыі наконт пракату карціны — вяліся доўгія перамовы аб паказе.
Дэбаты вакол карціны разгарнуліся пасля 17 верасня: фільм Наэ павінен быў выйсці ў расійскі пракат, але Мінкульт адмовіў фільму ў пракатным пасведчанні, спаслаўшыся на празмерную колькасць эратычных сцэн. Пазней у Маскве стужка дэманстравалася ў рамках фестывальнага пракату.